Датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Беларусі пачынаецца 14 снежня

Источник материала:  

Датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Беларусі пачынаецца 14 снежня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

У 10.00 па ўсёй Беларусі і за яе межамі адкрыюцца больш як 6 тыс. участкаў для галасавання. У дні датэрміновага галасавання яны будуць працаваць да 19.00 з перапынкам з 14.00 да 16.00. Аддаць свой голас у падтрымку аднаго з 10 кандыдатаў змогуць усе, хто па тых ці іншых прычынах не будзе мець магчымасці прыйсці на выбарчыя ўчасткі 19 снежня.

Для атрымання бюлетэня выбаршчыкі павінны прадаставіць пашпарт. Яго можа замяніць ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовае паведамленне дзяржслужачага, пенсійнае пасведчанне або студэнцкі білет (калі ў іх ёсць фатаграфія), даведка органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт), калі іх прад'яўнік ёсць у спісах выбаршчыкаў на гэтым участку.

Той, каго па якой-небудзь прычыне няма ў спісах, будзе ўключаны ў іх дадаткова на падставе дакументаў, што засведчваюць асобу і пацвярджаюць пастаяннае або часовае пражыванне на гэтым выбарчым участку.

Датэрміновае галасаванне па-за памяшканнямі ўчастковай камісіі, у тым ліку па месцы жыхарства, — не дапускаецца. Галасаванне дома можа быць арганізавана па заяве выбаршчыкаў толькі непасрэдна ў дзень выбараў — 19 снежня. Няма магчымасці прагаласаваць датэрмінова таксама і на ўчастках, створаных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых стацыянарных лячэбна-прафілактычных установах.

У ЦВК нагадалі, што выбаршчыкі самастойна запаўняюць бюлетэнь. Калі яны па стане здароўя не могуць гэтага зрабіць, то маюць права даверыць гэта іншай асобе, акрамя членаў выбаркамаў, кандыдатаў у Прэзідэнты, іх давераных асоб, наглядальнікаў і прадстаўнікоў СМІ.

У час цяперашняй выбарчай кампаніі будуць прыняты дадатковыя меры для забеспячэння празрыстасці і адкрытасці датэрміновага галасавання. Так, у першы дзень датэрміновага галасавання скрыні будуць правераны і апячатаны старшынёй камісіі ў прысутнасці не менш як дзвюх трэцей складу камісіі.

У кожны з дзён датэрміновага галасавання ў 14.00 і ў 19.00 старшыня камісіі або яго намеснік будуць заклейваць проразь у скрыні для галасавання лістом паперы, а потым ставіць на ім свой подпіс. Ускрываць проразь можна перад пачаткам галасавання ў 10.00 і ў 16.00. Пры гэтым маюць права прысутнічаць наглядальнікі і прадстаўнікі мас-медыя. У перыяд, пакуль не ідзе галасаванне, бюлетэні захоўваюцца ў сейфах або ў металічных шафах.

Штодзённа ў перыяд датэрміновага галасавання на ўчастках для ўсеагульнага азнаямлення будуць вывешваць копію пратакола з указаннем колькасці бюлетэняў, атрыманых камісіяй, нявыкарыстаных і сапсаваных, а таксама колькасці грамадзян, якія іх атрымалі.

Датэрміновае галасаванне прадоўжыцца да 19.00 18 снежня. На наступны дзень — 19 снежня — адбудуцца выбары Прэзідэнта Беларусі.

←Доверительный кредит

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика