Са Змітра Дашкевіча знятыя абвінавачанні ў падробцы правоў кіроўцы
Паводле слоў Дашкевіча, толькі пасля таго як ён выклікаў назіральнікаў АБСЕ, супрацоўнікі міліцыі знялі з яго абвінавачанні ў падробцы дакументаў. «Упершыню за ўсю маю палітычную дзейнасць мне была ўручана афіцыйная папера аб тым, што я „вызваляюся ад адказнасці“ па падазрэнні ва ўчыненні злачынства па частцы 1 артыкула 380 (падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў)», — сказаў актывіст.
Пасля гэтага, паводле слоў Дашкевіча, супрацоўнікі міліцыі праверылі аўтамабіль, на якім ён ехаў. «Машыну фатаграфавалі, звяралі нумары, правяралі, ці не лічыцца яна ўкрадзенай. Машына афіцыйна належыць Анастасіі Палажанцы, майму намесніку па арганізацыі.
У выніку супрацоўнікі міліцыі вырашылі затрымаць машыну на 10 дзён», — паведаміў лідар «Маладога фронту».Як адзначыў Дашкевіч, ён мае намер «20 снежня прыехаць забраць машыну з дзяржаўнымі нумарамі».
Сяргей Пульша, БелаПАН