Хілары Клінтан дзякуе Беларусі за рашэнне адмовіцца ад валодання запасамі высокаабагачанага ўрану
Дзяржаўны сакратар ЗША Хілары Клінтан дзякуе Беларусі за рашэнне адмовіцца ад валодання запасамі высокаабагачанага ўрану. Аб гэтым яна заявіла ўчора на сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, якая адбылася ў рамках саміту АБСЕ, перадае БЕЛТА.
"Я хачу публічна падзякаваць Беларусі за рашэнне адмовіцца ад валодання запасамі высокаабагачанага ўрану. Гэта вельмі істотны і важны крок, зроблены Беларуссю", — сказала Хілары Клінтан.
Дзяржсакратар ЗША таксама адзначыла, што разлічвае на прыезд беларускай дэлегацыі на саміт па пытанні ядзернай бяспекі ў 2012 годзе для таго, "каб выказаць адабрэнне (у адрас Беларусі. — Заўвага БЕЛТА) і адзначыць завяршэнне гэтай важнай справы".
У сваю чаргу Сяргей Мартынаў сказаў: "Гэта з'яўляецца яшчэ адным рэальным пацвярджэннем паслядоўнай і адказнай палітыкі Беларусі ў галіне ядзернага нераспаўсюджвання".