Усе перспектыўныя праекты павінны рэалізоўвацца
Сёння ў свеце пра мадэрнізацыю, пра неабходнасць укаранення інавацыйных распрацовак вядзецца шмат размоў, шмат чаго ў гэтым напрамку і робіцца. Наша краіна таксама тут не з'яўляецца выключэннем: інавацыйны шлях развіцця для рэспублікі з кожным годам набывае ўсё большае значэнне, а ў наступнай пяцігодцы ён стане адным з важнейшых дзяржаўных прыярытэтаў. Яно і зразумела: не маючы багатых энергетычных і іншых прыродных рэсурсаў, Беларусь, каб пабудаваць моцную краіну, павінна шукаць новыя напрамкі развіцця.
Тым больш, што магчымасці для гэтага ў нас ёсць, у рэспубліцы створаны магутны вытворчы і навуковы патэнцыял. Да таго ж дзяржава, якая зацікаўленая ў тым, каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць гэты патэнцыял, стымулюе паспяховае развіццё інаватарства. Дастаткова згадаць, што ў цэлым у краіне сфарміравана заканадаўчая база для ажыццяўлення ўсіх стадый інавацыйнай дзейнасці, а таксама захадаў яе дзяржаўнай падтрымкі, атрымалі развіццё фінансавыя механізмы падтрымкі суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры, інавацыйнага прадпрымальніцтва. Для таго, каб рэалізоўваліся буйныя навукова-вытворчыя праекты і ўкараняліся ў галінах рэальнага сектара эканомікі, створана сістэма каардынацыі даследаванняў і распрацовак, якія фінансуюцца з рэспубліканскага бюджэту.
Разам з тым, важна і тое, каб усе паспяховыя інавацыйныя ідэі, якія сёння прапануюцца беларускімі навукоўцамі, не "завісалі" ў паветры, а ператвараліся ў паспяховы інавацыйны прадукт. Праўда, нягледзячы на тое, што апошнім часам сувязь паміж навукоўцамі і вытворцамі наладжваецца, эфектыўнасць іх узаемадзеяння пакідае жадаць лепшага. На неабходнасці больш цеснага ўзаемадзеяння беларускай навукі і вытворчасці ў чарговы раз зрабіў акцэнт Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас жывой гутаркі з маладымі вучонымі на выставе навукова-тэхнічных распрацовак, што адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы ў рамках Моладзевага інавацыйнага форума.
Удзельнікамі форума сталі прадстаўнікі краіны, узрост якіх не перавышае 35 гадоў і якія ўжо маюць значныя вынікі ў прафесійнай дзейнасці, лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, стыпендыяты кіраўніка дзяржавы і ўрада краіны. Аляксандру Лукашэнка былі прадстаўлены распрацоўкі ў галіне медыцыны, машынабудавання, новых матэрыялаў і адукацыі, ІТ-тэхналогій, у ваеннай і аграрна-тэхнічнай сферах. Паводле слоў старшыні прэзідыума НАН Беларусі Міхаіла Мясніковіча, з прадстаўленых тут вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук распрацовак 7 тэхналогій і матэрыялаў з'яўляюцца новымі ў свеце і 17 — новымі ў рэспубліцы. Наогул жа, на выставе дэманстравалася 136 экспанатаў, якія выставілі 14 устаноў і адна прыватная арганізацыя.
Напачатку Прэзідэнта азнаёмілі з інавацыйнымі праектамі ў галіне медыцыны. Напрыклад, Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі прыбор, які дазваляе дыягнаставаць ракавыя пухліны за 3-5 хвілін. Перавагай гэтай распрацоўкі з'яўляецца тое, што яна дазваляе пазбегнуць паўторнага хірургічнага ўмяшальніцтва і, акрамя высокай хуткасці дыягностыкі, дае высокую дакладнасць звестак. Праўда, пакуль вядуцца клінічныя выпрабаванні прыбора, на якія спатрэбіцца каля года. Іншы прыбор, прадстаўлены маладымі навукоўцамі, разлічаны ў прыватнасці на дапамогу пацыентам, якія прымаюць лекі: унікальная распрацоўка здольная, улічваючы індывідуальныя асаблівасці чалавека, падабраць патрэбную дозу і менавіта тыя лекі, якія больш эфектыўна дапамогуць хвораму.
Сярод мноства прадстаўленых на выставе экспанатаў беларускага лідара таксама зацікавіла оптыка-электронная сістэма бачання, якая дазваляе кіраваць аўтамабілямі, караблямі, самалётамі не толькі ноччу, але і ў тумане ці пры высокім задымленні: гэтая навінка, у прыватнасці, дае магчымасць знайсці лётчыку паласу і бяспечна пасадзіць паветранае судна на зямлю. Надзейнасць і бяспечнасць будынкаў гарантуе беларускі прыбор для кантролю трываласці бетону, які, між іншым, ужо выкарыстоўваецца на будоўлі алімпійскіх аб'ектаў у Расіі.
Пасля агляду ўсіх экспанатаў Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што некаторыя з іх не з'яўляюцца для яго новымі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што прадстаўленыя на выставе распрацоўкі — толькі невялікі працэнт таго, што ёсць у рэспубліцы, і дадаў, "што вельмі б хацелася, каб гэта былі праекты менавіта маладых вучоных, а не збіраліся па розных установах". На думку Прэзідэнта, усе перспектыўныя праекты павінны рэалізоўвацца. "Калі гэтыя распрацоўкі эфектыўныя, перспектыўныя, асабліва калі яны накіраваныя на імпартазамяшчэнне ці экспартаарыентаваныя, яны павінны ўкараняцца на практыцы і вытворчасці ў больш сціслыя тэрміны, — сказаў ён. — Сюды трэба прывесці людзей, якія будуць гэта бачыць і запазычваць". Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што вытворцы павінны больш цесна ўзаемадзейнічаць з маладымі вучонымі, а чыноўнікі — не проста хваліць таленавітую моладзь, а прымаць усе неабходныя захады для сумеснай работы інаватараў з вытворцамі.
Ігар ШЧУЧЭНКА.