Аляксандр Лукашэнка: "Не адмахвацца ад праблем выбаршчыкаў і не даваць пустых абяцанняў"
учора Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з даверанымі асобамі.
"Хацеў бы звярнуць увагу на адну ўласцівасць у нашай перадвыбарнай кампаніі: у прапагандзе, агітацыі, у нашым імкненні абараніць усё, што стварылі, не павінна быць перабораў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы лішні раз пачнём хваліцца перад людзьмі і залішне падкрэсліваць тое, што зроблена, для нас гэта будзе негатывам. Перабору быць не павінна ні ў чым". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў спіс яго давераных асоб у гэтай выбарчай кампаніі ўвайшлі прадстаўнікі розных прафесій, людзі, якія ўмеюць размаўляць з народам і здольныя данесці ідэі. "Галоўнае ў тым, што вы належыце да тых людзей, якія стаяць побач з Прэзідэнтам, ажыццяўляюць курс Прэзідэнта на справе, больш таго, вы прапагандуеце гэты курс, маеце дачыненне да стварэння ўсяго таго, што ў нас сёння ёсць у краіне".
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя людзі павінны гаварыць аб тым, як многа зроблена ў Беларусі за апошні перыяд і што трэба будзе зрабіць у будучым. "Вы проста абавязаны абараняць створанае, вы павінны разам са мной несці ў масы тыя задумы, якія мы будзем рэалізоўваць, прынамсі, у бліжэйшыя 5 гадоў, калі на тое будзе воля беларускага народа". Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што яго перадвыбарная праграма ўжо апублікавана, і ў ёй вызначаны прыярытэты і галоўныя мэты, якіх трэба будзе дасягнуць у будучай пяцігодцы. Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на тым, што дасягнення ўсяго намечанага можна дабіцца толькі неймавернай працай.
Аляксандр Лукашэнка прапануе стварыць ідэйны партрэт альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, каб паказаць, што ніякай розніцы паміж імі няма. "Трэба вырысаваць, вобразна намаляваць партрэт альтэрнатыўных кандыдатаў. Людзям трэба растлумачыць, што ніякай розніцы ў іх няма. Усё, што яны гавораць, — гэта хлусня", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Я ведаю ўсю іх паднаготную. Усе яны выраслі з аднаго кораня". "Усе яны — гэта альтэрнатыва дзеючай уладзе, бел-чырвона-белыя, нацэленыя на насільную беларусізацыю, людзі выключна празаходняга вектара. І вось гэтыя ігры на расійскіх клавішах, на расійскім інструменце — гэта ўсё для таго, каб паказаць, што ў іх ёсць нейкая розніца, і максімум у гэтым плане адарваць галасоў у дзеючага Прэзідэнта", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Павінен быць на гэтых дзевяць чалавек пэўны ідэйны партрэт".
Аляксандр Лукашэнка ў якасці прыкладу прывёў некалькі тэзісаў апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Так, у прыватнасці, адзін з іх прапануе змяніць грашова-крэдытную палітыку дзяржавы такім чынам, каб беларускі рубель адзін к аднаму прыраўнаваць да амерыканскага долара, аднак не гаворыць аб тым, якім чынам ён мае намер гэта ажыццявіць у сучасных умовах. Другі кандыдат абяцае ў выпадку сваёй перамогі бясплатна аддаць Расіі трубаправоды і беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. "Ушчэрбнасць і слабасць кожнага з іх відавочныя, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але самае галоўнае: мы не павінны даць магчымасць падмануць людзей".
"Яны патрабавалі прамога эфіру — ім яго прадаставілі. І сёння ўжо не яны, дык бліжэйшыя памочнікі і ідэолагі адкрыта заяўляюць аб тым, што лепш бы яны не выкарыстоўвалі гэты прамы эфір. Думалі, што выйдуць вялікія аратары на экран, два словы скажуць і народ пабяжыць ледзь не заўтра за іх аддаваць галасы. Аказалася, гэта не так проста", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На думку Прэзідэнта, "народ усё бачыць". "Мы павінны гаварыць пра сябе, больш аб перспектывах".
"У размове з людзьмі будзьце абсалютна чыстыя, сумленныя і шчырыя", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Не павінна быць кругавой парукі. Калі хтосьці на месцах сёння не паважае людзей, не робіць якіх-небудзь дзеянняў па вырашэнні праблем, што ляжаць на паверхні, мы павінны імгненна адмяжоўвацца ад гэтых кіраўнікоў", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Гэтых людзей абараняць нельга, яны нам не спадарожнікі", — дадаў ён, звярнуўшы ўвагу на тое, што ўлада трымаецца на даверы людзей.
"Выпрацоўваючы перадвыбарную праграму, я патрабаваў зыходзіць з аднаго: каб яе прачыталі. Такая праграма атрымалася: сціслая, кампактная", — сказаў ён. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у ёй не ахоплены ўсе пытанні, аднак наперадзе Усебеларускі народны сход, на якім будзе падрабязна вызначана перспектыва развіцця дзяржавы на пяцігодку, а можа, і на дзесяцігадовы перыяд. Гэта праграма павінна стаць своеасаблівым зыходным пунктам для стасункаў давераных асоб з людзьмі. "Людзі павінны бачыць у вас не толькі прыхільнікаў Прэзідэнта, але і людзей, здольных вырашыць тыя пытанні, якія яны будуць узнімаць на сустрэчах". Ён таксама дадаў, што ўсе гэтыя звароты будуць структураваны.
Прэзідэнт перасцярог давераных асоб ад залішніх абяцанняў народу. "Мы павінны зыходзіць з тых рэалій, якія ёсць. Нічога не трэба абяцаць больш таго, што абяцана ў праграме і будзе сказана на Усебеларускім народным сходзе. Нам жа трэба будзе ўсё гэта выконваць". "Ніякіх папулісцкіх лозунгаў тут быць не можа, але нам, на шчасце, гэта і не патрэбна", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.