Дарагія суайчыннікі!
Сардэчна віншую вас са святам — Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі
Гэтая падзея, нягледзячы на рознае да яе стаўленне, стала сапраўды гістарычнай, упершыню абвясціўшы свабоду працоўных ад эксплуатацыі, прыгнёту і бяспраўя. 7 лістапада 1917 года нашы дзяды і прадзеды зрабілі першы крок на шляху да сацыяльна справядлівага грамадства, рэалізавалі права нацый на самавызначэнне і заклалі асновы будаўніцтва беларускай дзяржавы.
Мінулыя гады ўвабралі ў сябе нацыянальнае адраджэнне цэлых народаў, стварэнне СССР, Вялікую Перамогу ў самай страшнай вайне, аднаўленне разбуранай гаспадаркі і гістарычныя заваяванні беларускага народа, набытыя ў суверэнны перыяд.
Мы, удзячныя патомкі, не маем права на бяспамятнасць і абавязаны беражліва захоўваць сваю гістарычную спадчыну. Узяўшы ўсё лепшае з савецкага перыяду, Рэспубліка Беларусь паспяхова развіваецца, займае сёння годнае месца ў сусветнай супольнасці, упэўнена праводзіць незалежную палітыку на прынцыпах міралюбства і добрасуседства.
Адно з найгалоўнейшых дасягненняў суверэннай Беларусі — стабільнасць у самым шырокім сэнсе гэтага слова. Паспяховае функцыянаванне беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця — гэта вынік эфектыўнай дзяржаўнай улады, моцнай сацыяльнай палітыкі і народнай падтрымкі.
Шчыра жадаю вам, дарагія суайчыннікі, моцнага здароўя, аптымізму, новых дасягненняў і дабрабыту.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.