Аляксандр Базанаў прызначаны дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Указ аб гэтым Аляксандр Лукашэнка падпісаў 4 лістапада, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Да прызначэння Базанаў працаваў саветнікам у пасольстве Беларусі ў Германіі. У пачатку 2000-х ён некалькі гадоў кіраваў Цэнтрам інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі.
Былым кіраўніком Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ІАЦ) пры Адміністрацыі прэзідэнта быў Алег Праляскоўскі. Ён узначальваў гэту структуру са студзеня 2008 года па снежань 2009-га. 4 снежня 2009 года Праляскоўскі быў прызначаны міністрам інфармацыі.
Пасада дырэктара ІАЦ дагэтуль заставалася вакантнай. Фактычна ж ім кіраваў першы намеснік дырэктара Аляксей Гусеў, кандыдат філасофскіх навук.
Як паведамляе інтэрнэт-сайт ІАЦ, «агульнае кіраўніцтва цэнтрам ажыццяўляе кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта і яго намеснік, які курыруе дзейнасць цэнтра». Калегіяльным органам упраўлення ІАЦ з’яўляецца Кансультатыўны савет.