Лукашэнка прапанаваў Грыбаўскайце будаваць АЭС супольна
Беларусь прапаноўвае Літве цеснае супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 кастрычніка ў Мінску паводле вынікаў перамоў з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце.
Паводле яго слоў, энергабяспека з’яўляецца агульнай праблемай дзвюх краін, якую неабходна вырашаць разам. «І вы, і мы вельмі залежым у плане энергарэсурсаў ад адной краіны», — заявіў Лукашэнка.
Ён зазначыў, што ў Беларусі ёсць патрэба транспартаваць да 10 млн тон нафты ў год, і калі Літва зацікаўлена, то краіны будуць супрацоўнічаць у рэалізацыі гэтага праекта.
Паводле слоў Лукашэнкі, падчас перамоў абмяркоўвалася магчымасць удзелу Літвы ў будаўніцтве беларускай АЭС. «Давайце вызначым кошт і будзем будаваць разам», — сказаў Лукашэнка. Ён таксама паведаміў, што абмяркоўваў з Грыбаўскайце пытанні транзіту ў Літву цераз тэрыторыю Беларусі ўкраінскай электраэнергіі. Пры гэтым Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што цяжкасці «ляжаць не ў плоскасці Беларусі і Літвы, а ў тым, хто прадае тавар».
Беларускі прэзідэнт выказаў упэўненасць, што сённяшнія перамовы нададуць новы імпульс і дынаміку
У сваю чаргу Грыбаўскайце падкрэсліла, што Літва і Еўрасаюз у цэлым зацікаўлены ў тым, каб Беларусь выкарыстоўвала балтыйскія порты для перавалкі сваіх грузаў.
«Мы разумеем вашу пазіцыю, яна часта супадае з нашай, у прыватнасці, у тым, што тычыцца забеспячэння незалежнасці і дыверсіфікацыі паставак энерганосьбітаў», — сказала Грыбаўскайце.
Яна таксама зазначыла, што падчас перамоў абмяркоўвалася супрацоўніцтва дзвюх краін у інвестыцыйнай сферы. «Прыемна, што літоўскі бізнес чакаюць у Беларусі, а літоўскія інвестыцыі будуць абаронены», — сказала Грыбаўскайце.
БелаПАН