Беларусь і Венесуэла дамовіліся аб пастаўках нафты на 2011—2013 гады
Беларусь і Венесуэла дамовіліся аб пастаўках нафты на сярэднетэрміновую перспектыву — на 2011—2013 гады. Гэта пытанне абмяркоўвалася 16 кастрычніка ў ходзе рабочага візіту ў Беларусь венесуэльскага лідара Уга Чавеса.
Прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес правялі перагаворы ў вузкім і пашыраным складах, у час якіх абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама абмяняліся думкамі па актуальных праблемах міжнароднага парадку дня. Сустрэчы ў вузкім складзе папярэднічалі перагаворы ў фармаце сам-насам. Усяго перагаворы лідараў дзвюх краін прадаўжаліся амаль 7 гадзін.
Прымаючы Уга Чавеса, кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: "Вітаю цябе на ўжо тваёй беларускай зямлі. Ты ўклаў шмат сваёй энергіі, свайго добрага сэрца ў будаўніцтва назалежнай Беларусі, і аб гэтым ведаюць усе беларусы".
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уга Чавесу за дапамогу нашай краіне: "У гэтую цяжкую хвіліну ты падставіў сваё плячо Беларусі, працягнуў руку дапамогі, і гэта мы будзем помніць заўсёды".
Кіраўнік беларускай дзяржавы запэўніў, што Беларусь зробіць для Венесуэлы ўсё, што ў яе сілах. "Я не хачу быць тваім даўжніком, у добрым сэнсе слова, не толькі ў матэрыяльным. Мы зробім для Венесуэлы столькі, што ты ніколі не пашкадуеш, што пачаў з намі супрацоўніцтва", — падкрэсліў ён.
Уга Чавес заявіў, што гарантуе стабільнасць паставак нафты ў Беларусь. "Мы ў курсе, што вашы нафтаперапрацоўчыя заводы маюць патрэбу ў нафце. У беларускіх НПЗ не будзе няхваткі нафты на гады наперад", — сказаў ён.
Гаворачы пра Беларусь, Прэзідэнт Венесуэлы адзначыў, што венесуэльскі народ ставіцца да яе таксама, як да радзімы, як і беларускі народ да Венесуэлы. "Мы прадаўжаем ісці па нашай дарозе, і будзем ісці заўсёды", — сказаў ён, маючы на ўвазе перспектывы нарошчвання супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў розных сферах. Уга Чавес падзякаваў беларускаму боку за падтрымку і дапамогу Венесуэле ў частцы абмену тэхналогіямі, рэалізацыі праектаў у сферы жыллёвага будаўніцтва, прамысловай кааперацыі, супрацоўніцтва ў галіне нафтахіміі. Ён таксама падзякаваў Беларусі за гатоўнасць падзяліцца з Венесуэлай "усім, што тут вырабляецца, заводамі, магутнасцямі". "Гэта бясцэнна, асабліва ў сучасным свеце", — адзначыў Прэзідэнт Венесуэлы."Тут няма даўжнікоў — мы таварышы, і мы разам будуем альтэрнатыву імперыялізму. Гэта шматпалярны свет", — дадаў Уга Чавес.
У час сустрэчы са сваім венесуэльскім калегам у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Мы вызначылі супрацоўніцтва з Венесуэлай як стратэгічны і адзін з самых прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі Беларусі". Паводле яго слоў, развіццё стратэгічнага двухбаковага супрацоўніцтва "вядзе да ўмацавання пазіцый нашых дзяржаў на міжнароднай арэне, садзейнічае сацыяльна-эканамічнаму развіццю ў роўнай ступені Венесуэлы і Беларусі".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларуска-венесуэльскае супрацоўніцтва сёння — гэта ўжо дзясяткі шматмільённых кантрактаў і праграм. Ён падзякаваў венесуэльскаму боку за арганізацыю паставак у Беларусь вуглевадароднай сыравіны: "Мы асабліва ўдзячныя кіраўніцтву і работнікам Венесуэльскай нафтавай кампаніі, якая выконвае ўсе дамоўленасці". Прэзідэнты абмеркавалі далейшыя напрамкі супрацоўніцтва ў гэтай важнай сферы і па ўсіх пытаннях, што ўзнімаліся, дамовіліся на будучае. "Упэўнены, ваш цяперашні візіт будзе новым этапам у развіцці супрацоўніцтва, і ён абавязкова прывядзе да станоўчых вынікаў", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Беларускі лідар адзначыў, што за даволі кароткі прамежак часу Беларусі і Венесуэле ўдалося зрабіць нямала для развіцця супрацоўніцтва ў галіне нафтахіміі, будаўніцтва, газіфікацыі, у прамысловасці, сельскай гаспадарцы. "Але трэба будзе, як вынікае з сённяшніх перагавораў, зрабіць значна больш для паглыблення нашых сувязяў", — сказаў ён. Гэта датычыцца не толькі сувязяў у прамысловасці, здабычы нафты і прыроднага газу, будаўніцтва інфраструктуры, але і ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі, культуры, спорту.
Прэзідэнт Беларусі павіншаваў Уга Чавеса з пераканаўчай перамогай яго прыхільнікаў на парламенцкіх выбарах 26 верасня. "Вынікі галасавання сведчаць аб шырокай народнай падтрымцы, што пацвярджае правільнасць выбранага вамі курсу, — адзначыў ён. — Ваша перамога будзе садзейнічаць умацаванню супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Венесуэлай, а таксама далейшаму развіццю стратэгічнага альянсу паміж нашымі краінамі".
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў венесуэльскаму боку "за каласальную дапамогу, што аказваецца беларускаму народу ў гэты няпросты час". "Разлічвайце на нас — усё, што мы можам, усё, на што мы здольныя, а мы можам нямала, мы гатовы зрабіць для венесуэльскага народа ў знак удзячнасці за тое, што зрабілі вы для нас", — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што ў Беларусі з асаблівай сімпатыяй ставяцца да Уга Чавеса і венесуэльскага народа, радуюцца поспехам Венесуэлы.
У сваю чаргу Уга Чавес заявіў, што Венесуэла знайшла брацкі народ у цэнтры Еўропы. "Вельмі важна, каб нашы народы маглі адчуць тое, у што можа выліцца гэта супрацоўніцтва. Дзякуй вам у першую чаргу за вашу працягнутую руку дружбы, — сказаў Прэзідэнт Венесуэлы. — Баліварыянская рэвалюцыя, народ Венесуэлы — мы знайшлі тут, у сэрцы Еўропы, брацкі народ і радзіму, таксама як і вы ў нас".
Гаворачы аб выніках перагавораў, ён адзначыў, што сёння прымаюцца новыя рашэнні, каб надаць дадатковы імпульс беларуска-венесуэльскаму альянсу і дружбе.
Прэзідэнт Венесуэлы падзякаваў за магчымасць пастаўляць нафту ў Беларусь. "Мець магчымасць прывезці нафту з Венесуэлы ў сэрца Еўропы на вашы НПЗ — гэта вельмі стратэгічна важна для нас. Вы нам даяце магчымасць ствараць новыя шляхі для гандлю нашай нафтай, — сказаў ён. — Мы ганарымся тым, што нашы караблі могуць дастаўляць у Беларусь або праз Чорнае, або праз Балтыйскае мора нашу нафту".
Уга Чавес адзначыў, што Беларусь і Венесуэла ўжо супрацоўнічаюць у многіх сферах — ад нафтахіміі, жыллёвага будаўніцтва, прамысловай кааперацыі да сельскай гаспадаркі і культурных сувязяў. Сёння бакі вызначылі дадатковыя напрамкі для супрацоўніцтва. "Мы вырашылі знайсці магчымасць будаўніцтва ў Венесуэле заводаў па вырабе адзення, абутку. Таксама мы можам займацца вытворчасцю мэблі", — сказаў Прэзідэнт Венесуэлы.
Ён падкрэсліў, што Беларусь, нягледзячы на сусветны эканамічны крызіс, не спынілася ў сваім развіцці, захаваўшы ўзровень жыцця насельніцтва, нізкі ўзровень беспрацоўя, якасную адукацыю, ахову здароўя. "Мы прызнаём заслугі ўсяго беларускага народа", — дадаў Уга Чавес.
Па выніках перагавораў у прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін быў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў. У прыватнасці, ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія" і кампанія "Петролеас дэ Венесуэла" падпісалі кантракт на пастаўку нафты ў 2011—2013 гадах. У адпаведнасці з дакументам у Беларусь будзе штогод пастаўляцца да 10 млн тон венесуэльскай нафты.
Падпісаны таксама Мемарандум аб узаемаразуменні паміж РУП "ВА Беларуснафта" і АТ "Венесуэльская нафтавая кампанія" аб далучэнні плошчаў да сумеснага прадпрыемства "Петралера БелаВенесалана". Дакумент пацвярджае намер Венесуэлы перадаць Беларусі два новыя радовішчы, што, з улікам існуючых, дасць магчымасць беларускаму боку здабываць больш за 1 млн тон нафты ў год.
Таксама падпісаны ўстаноўчы акт (статут) сумеснага прадпрыемства АТ "СэрвісіаБелаВенесалана", якое будзе займацца бурэннем і рамонтам нафтавых свідравін на тэрыторыі Венесуэлы. Акрамя таго, заключана пагадненне паміж урадамі Беларусі і Венесуэлы аб прававой дапамозе па крымінальных справах.
Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў ад імя кіраўніка беларускай дзяржавы быў дадзены абед у гонар Прэзідэнта Венесуэлы.
Беларуска-венесуэльскія адносіны за чатыры з невялікім гады з моманту першай сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства і сталі ўзорам плённага і дынамічнага міжнароднага супрацоўніцтва. У многім характар двухбаковых кантактаў вызначаецца дружалюбнымі адносінамі кіраўнікоў дзяржаў. Прэзідэнт Беларусі двойчы, у снежні 2007 і сакавіку 2010 года, наведваў Венесуэлу з візітамі. У сваю чаргу, гэта пяты ўжо візіт Уга Чавеса ў Беларусь. Папярэднія адбыліся ў 2006, 2007, 2008 і 2009 гадах. Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні рэгулярных (не радзей як адзін раз у год) сустрэч на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.
Цяпер абодва бакі рэалізуюць буйнамаштабныя праекты ў эканоміцы, у дзясяткі разоў нарасцілі тавараабарот, стварылі трывалую нарматыўна-прававую базу адносін, перайшоўшы ад простага гандлю да актыўнага кааперацыйнага супрацоўніцтва.
У ходзе перагавораў 16 кастрычніка прэзідэнты падвялі своеасаблівыя прамежкавыя вынікі сумеснай работы і "зверылі гадзіннікі", прадметна абмеркаваўшы перспектывы двухбаковых адносін. Адзначана неабходнасць больш хуткай рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, нафтахіміі.
Заводы па выпуску грузавых аўтамабіляў і трактароў на тэрыторыі Венесуэлы павінны пачаць працаваць ужо менш як праз год. Таксама будуецца завод па вытворчасці будматэрыялаў. Беларусь гатова нарасціць пастаўкі ў Венесуэлу сельскагаспадарчай прадукцыі, больш актыўна ўдзельнічаць у стварэнні там сучаснага аграпрамысловага комплексу.
Беларусь і Венесуэла дакладна вызначыліся па пытанні паставак венесуэльскай нафты ў Беларусь на сярэднетэрміновую перспектыву. Гэта вельмі важна і для тых краін, праз тэрыторыю якіх нафта паступае ў Беларусь.
Акрамя таго, на перагаворах абмяркоўвалася пытанне венесуэльскіх інвестыцый у беларускую эканоміку. Удзел кампаній з Венесуэлы ў прыватызацыі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў можа стаць чарговым узаемавыгадным напрамкам двухбаковага супрацоўніцтва.
Абмяркоўваліся і перспектывы сумеснага выхаду на рынкі трэціх краін, у тым ліку праз Беларускі гандлёвы дом у Венесуэле, работа па стварэнні якога ўжо актыўна вядзецца.
Вялікую ўзаемную цікавасць уяўляе магчымасць супрацоўніцтва па лініі праграм тэхнічнай дапамогі, што рэалізуюцца ў інтэграцыйным аб'яднанні "Баліварыянская альтэрнатыва для народаў нашай Амерыкі" (АЛБА). Беларусь гатова тут актыўна працаваць — ад паставак неабходных краінам АЛБА тавараў да перадачы партнёрам сваіх напрацовак у галіне эканамічнай і харчовай бяспекі.
Беларусі і Венесуэле трэба таксама пашыраць супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, больш актыўна ісці насустрач адзін аднаму ў такіх галінах, як адукацыя, культура, спорт, турызм, навука.
Кіраўнікі дзяржаў сышліся на думцы, што патэнцыял беларуска-венесуэльскіх адносін вялікі, але пакуль выкарыстоўваецца толькі яго малая частка. Таму неабходна нарошчваць і хуткасць, і аб'ёмы супрацоўніцтва.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.