Вынікі візыту Хурскайнэн апазіцыя падсумуе ў верасні
На сустрэчы прысутнічалі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня ПБНФ Аляксей Янукевіч, старшыня «Справядлівага сьвету» Сяргей Калякін, лідэр БХД Віталь Рымашэўскі і лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Яны перадалі калектыўны зварот.
Па чарзе, прадстаўнікі апазыцыі распавялі пра сваё бачаньне сытуацыі ў краіне. У прыватнасьці, Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што ён — за кантакты з Эўропай, але супраць таго, каб Беларусь пусьцілі ў Эўропу з «чорнага ходу», і засяродзіў увагу на праблеме выбараў. Сяргей Калякін распавёў гісторыю стасункаў з Радай Эўропы. А за 13 гадоў пасьля таго, як Беларусь пазбавілі статусу адмыслова запрошанай у ПАРЭ, прагрэсу няма. Станіслаў Шушкевіч заклікаў Эўропу дзейнічаць пасьлядоўна. На яго думку, ужо нават Расея асэнсавала ў некаторай ступені тое, што адбываецца ў Беларусі, а Эўропа не заўсёды робіць пасьлядоўна.
Пасьля таго, як выказаліся усе прадстаўнікі партыяў, сустрэча працягвалася ў фармаце «сам-насам», журналісты не прысутнічалі. Побач са мной лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Спадар Анатоль, калі не сакрэт, ці разумее спадарыня Хурскайнэн беларускія праблемы?
Лябедзька:
«Наколькі яна разумее беларускую сытуацыю, мы ўведаем толькі ў верасьні, калі адбудзецца чарговая сэсія ПАРЭ. Натуральна, яна туды прывязе сваю справаздачу і канкрэтныя рэкамэндацыі.Я ж усьцешаны тым, што мы выйшлі з агульнай пазыцыяй, агульным пасланьнем, сутнасьць якога ў наступным. Мы супраць таго, каб па Беларусі прымаліся нейкія рашэньні перад прэзыдэнцкай кампаніяй, што датычыць скасаваньня статусу адмыслова запрошанага ці наогул запрашэньня ў Раду Эўропы. Мы прапануем стварыць адмысловую групу з прадстаўнікоў улады і апазыцыі, каб яна выпрацавала дарожную мапу па зьмяншэньні дыстанцыі па ўваходу Беларусі ў гэтыя дзьве міжнародныя арганізацыі. І мы выказаліся за тое, каб у Беларусь прыехала як мага больш назіральнікаў, дэпутатаў з ПАРЭ, прычым, на як мага большы тэрмін назіраньня. Вынікі будзем падсумоўваць у верасьні».
У сераду ў спадарыні Сінікі Хурскайнэн адбудуцца сустрэчы з міністрам юстыцыі, генпракурорам і старшынём камісіі парлямэнту.
svaboda.org