Зянон Пазьняк. ДЭПУТАТЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. 3. Барацьба за ўвядзеньне талера

Источник материала:  
25.08.2010 09:16 — Новости Политики

 

(Працяг. Пачатак)

Як паведамляліБелорусские новости”, у Варшаве выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка “Дэпутаты Незалежнасьці”, у якой распавядаецца пра падзеі 1990-1991 гадоў і іх уплыў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Прапануем урыўкі з кнігі — раздзелы, напісаныя Зянонам Пазьняком, — са згоды аўтара.

Зянон Пазьняк. ДЭПУТАТЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. 3. Барацьба за ўвядзеньне талераЯшчэ больш зацятае змаганьне вялося за нацыянальную валюту, за беларускія талеры. Тут нам было, бадай, найцяжэй. Намэнклятура дружна і канвульсіўна чаплялася за савецкі рубель, які ператварыўся ўжо ў фантом, у ілюзію грошай. “Беларускія грошы — гэта сьмешна!” — казаў у гэты час С.Шушкевіч у адным з інтэрв’ю, наскокваючы на Народны Фронт. Магчыма, ён шчыра нічога не разумеў і паўтараў чужыя думкі, але справа была вельмі сур’ёзная.

Паколькі грошы хадзілі савецкія, па Беларусі балюча ўдарыла грубая і ў чалавечым вымярэньні подлая эканамічная палітыка навага прэм’ер-міністра Расеі Ягора Гайдара (якая прывяла да абрабаваньня Беларусі Расеяй, да захопу маёмасьці арганізаванымі групамі ў Расеі і ў выніку — да стварэньня рускай крымінальнай фінансавай алігархіі). У Беларусі яна выклікала шалёную інфляцыю, якую (зразумеўшы групавую выгаду) падтрымлівала тут савецкая намэнклятура. Яна скарыстала інфляцыю для свайго абагачэньня цераз лёгкі доступ да дзяржаўных крэдытаў, якія потым імкліва абясцэньваліся, і дзяржаве вярталі капейкі. Такім чынам былі скарыстаныя грошы ўкладчыкаў, і “легальна” абрабаваны ўвесь народ, уся нацыя. Вось чаму (перш за ўсё) савецкая антабеларуская намэнклятура супраціўлялася увядзеньню беларускіх грошай. Акрамя таго, адбывалася рабаўніцтва нашага нацыянальнага таварнага рынку суседзямі.

Тут мушу адзначыць, што алігархічныя гайдараўскія рэформы ня толькі фатальна паскорылі дэградацыю грамадзтва ў Расеі, але мелі пад сабой непрыкрытую геапалітычную мэту — разбурэньне эканомікі на ўскраінах савецкай імпэрыі, у краінах, якія дэкляравалі сваю незалежнасьць.

Яшчэ ў 90-м годзе, складаючы праграму эканамічных пераўтварэньняў у Беларусі, дэпутаты Апазыцыі БНФ прааналізавалі становішча ў нашай краіне і ў краінах “сацлагеру.” На 90-ы год Беларусь пры ўмове адпаведных рэформаў мела самыя выдатныя стартавыя пэрспэктывы за кароткі час (8 гадоў па нашых разьліках) стаць самай перадавой эканамічна разьвітай (і па ўзроўню жыцьця) краінай Цэнтральнай і Усходняй Эўропы. Ужо ў 90-м годзе мы прыступілі да вырашэньня пытаньня пра Балта-Чарнаморскую супольнасьць і пазьней пра энэргетычны калектар БЧС, прадбачачы складанасьці, якая могуць ўзьнікнуць на Усходзе.

Нашыя заключэньні, вядома, не засталіся незаўважнымі. У гэты ж час у Маскве група эканамічных аналітыкаў, зьвязаных з урадам, прыходзіць да аналагічных высноваў, што з усіх краінаў СССР толькі Беларусь мае рэальныя шансы (пры ўмове палітычнай волі, вядома) хутка разьвіцца ў цэнтральнаэўрапейскага эканамічнага дракона з эфектыўнай эканомікай і высокім узроўнем жыцьця.

У Маскве тут жа зразумелі, што зьяўленьне такога вызваленага дракона на заходніх межах Расеі — гэта капец для ўсёй маскоўскай імпэрскай палітыкі. І Масква пачала дзейнічаць. Гайдараўскія рэформы ў Расеі, дзякуючы адчыненым межам, і рублёвай зоне, нанесьлі зубадрабільны ўдар па Беларусі. Інфляцыя, якой мэтанакіравана (дзеля ўзбагачэньня чыноўнікаў) спрыяў урад Кебіча і бязглузда — камуністычны Вярхоўны Савет (бязглузда — бо можна было выбудаваць разумную абарону, што і прапаноўвала Апазыцыя БНФ) — гэтая інфляцыя перацерла ўсё, зрабіла беларусаў беднымі.

Па вялікаму кошту цяперашняя ўлада цемры і зьяўленьне Лукашэнкі ва ўладзе — гэта нават не пабочны, а непасрэдны вынік рэформаў Гайдара ў Расеі і наступства абрабаваньня беларусаў урадам Кебіча, які абапіраўся на камуністычны Вярхоўны Савет.

Тады, у 90-х, ўвядзеньне нацыянальных грошай і спыненьне інфляцыі было пытаньнем нумар адзін у нашым змаганьні. Грошы, межы і мытная служба — вось што стаяла востра і за што ішла лютая барацьба. Савецкая намэнклятура і ў Вярхоўным Савеце, і ва ўрадзе нічога не хацела рабіць. Яна ўсё яшчэ азіралася на неіснуючы СССР. Часам нам ужо пачынала здаваць вытрымка: “Вы самагубцы! Вы здрайцы! Вы топіце ўвесь народ!” — зрываліся некаторыя дэпутаты-фронтаўцы. Цяжка было дастукацца да розуму і сумленьня людзей, у якіх сэрца за Беларусь не балела, і таму яны альбо нічога не разумелі, альбо карысталі з нагоды, каб урваць ды абагаціцца на гэтым самым народзе, лёс якога ім быў абыякавы.

Бачачы, што ў лоб “бэтон” ня проймем, мы сталі прапаноўваць часовыя грошы, пераходныя ад купонаў да нацыянальнага талера. Трэба было ўратаваць сытуацыю і таварны рынак. Часовыя грошы пацягнулі б за сабой стварэньне паўнавартаснай дзяржаўнай мяжы і мытні. Усё стаяла ў тупіку, і да гэтай ідэі пачалі ўсё ж прыслухоўвацца. Урад вымушаны быў дзейнічаць у такім накірунку. Яму не было іншай дарогі, і там (пад ціскам) сталі тое паступова разумець. Больш таго, займацца пытаньнем грошай у структуры Саўміна прапанавалі дэпутату Апазыцыі БНФ Сяргею Слабчанку. Мы не пярэчылі гэтаму ходу Кебіча і не зважалі на ўсе пабочныя мінусы такога павароту (тым больш што Слабчанка сам хацеў такой пасады ў Саўміне). Слабчанка захаваў сувязь з Апазыцыяй, час ад часу інфармаваў мяне аб справах і, нарэшце, часовыя грошы зьявіліся, прытым з добрай абаронай ад падробак і фальсіфікацыяў. Паколькі грошы мелі часовае прызначэньне, “ідэалёгіяй” іх выгляду ўрад займацца ня стаў, зьмясьціўшы на купюрах прадстаўнікоў фауны Беларусі ад вавёркі да зубра.

Як і трэба было чакаць, часовыя грошы (якія народ ахрысьціў “зайчыкамі”) сталі паваротным этапам у незалежніцкай палітыцы. Запрацавала на Незалежнасьць усё: і межы, і мытня, і ўрад, і Нацыянальны банк. Улада пачала рыхтаваць сапраўдныя грошы.

Яшчэ ў 90-м годзе я падрыхтаваў вялікі матэрыял па гісторыі і абгрунтаваньні талера як беларускай грашовай адзінкі. Матэрыял быў пакладзены на стол прэм’ер-міністру В.Кебічу і потым надрукаваны ў трох газэтах. Кебіч выказаў тады поўную падтрымку талеру і неабходнасьці мець беларускія грошы. Я аднёсься да яго безумоўнай падтрымкі крыху зь недаверам, але (тым ня менш) мы паразумеліся, што я падрыхтую праект талераў.

У сьціслай таямніцы я дамовіўся з нашым фронтаўскім мастаком Лявонам Бартлавым, растлумачыў задачу і канцэпцыю талераў. Неўзабаве эскізы талераў былі гатовыя (прытым выдатна зробленыя). Фронтаўскі мастак Лявон Талбузін падрыхтаваў мэталёвыя грошы. Тэчку з эскізамі талераў і з матэрыяламі я асабіста перадаў у рукі Кебічу.

Энтузіязм Кебіча, аднак, быў павярхоўны.

Беларускія грошы аддрукавалі на Захадзе і завезьлі ў Нацыянальны банк у 1993 годзе. Але адстаяць талеры мы не змаглі, нягледзячы на ўсе нашы доказныя і асьветніцкія высілкі. Талер быў вышэй за разуменьне савецкага дэпутата і ўрадоўца. Аддрукавалі і завезьлі рублі. У 1994 годзе антыбеларускі рэжым паставіў крыж на нацыянальнай палітыцы. Часовыя грошы, некалі прапанаваныя намі як пераходны этап, існуюць па сёньняшні дзень.

(Працяг будзе.)



←Подписание соглашения о координации действий оппозиции

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика