У Ерэване адкрываецца нефармальны саміт АДКБ

Источник материала:  
20.08.2010 10:26 — Новости Политики
Сёння ў Ерэване адкрываецца двухдзённы нефармальны саміт Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Паводле інфармацыі прэс-службы Сакратарыята АДКБ, прэзідэнты Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана плануюць абмеркаваць сітуацыю ў Кыргызскай Рэспубліцы і калектыўныя меры АДКБ па стабілізацыі становішча ў гэтай краіне, а таксама прапановы па ўдасканаленні сістэмы антыкрызіснага рэагавання ў фармаце арганізацыі.

Як паведаміў журналістам напярэдадні саміта памочнік прэзідэнта Расіі Сяргей Прыходзька, улічваючы нефармальны характар мерапрыемства, любы з прэзідэнтаў зможа вынесці дадатковыя пытанні на абмеркаванне.

«Так, напрыклад, плануецца, што прэзідэнт Расіі, які цяпер з’яўляецца старшынёй Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, узгодніць з астатнімі кіраўнікамі дзяржаў даты правядзення ў Маскве чарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ», — сказаў Прыходзька.

Ён таксама паведаміў, што «па традыцыі па выніках нефармальнага саміта не прадугледжваецца прыняцця якіх-небудзь дакументаў». «Тым не менш, — падкрэсліў Прыходзька, — лідэры дзяржаў — членаў АДКБ, несумненна, нададуць імпульс падрыхтоўцы рашэнняў будучага саміта, а, магчыма, як гэта было пасля сустрэчы ў 2008 годзе ў Баравым у Казахстане, выйдуць на новыя, прарыўныя рашэнні.

Сённяшні саміт — чацвёртая па ліку нефармальная сустрэча ў гісторыі АДКБ. Першая адбылася ў снежні 2008 года ў Баравым (Казахстан), другая — у канцы ліпеня — пачатку жніўня ў Чалпон-Аце (Кыргызстан), трэцяя — у маі 2010 года ў Маскве.

У праграме цяперашняга саміта запланаваны як рабочыя мерапрыемствы, так і культурныя — прэзідэнты наведаюць возера Севан. У рамках ерэванскай сустрэчы магчыма правядзенне асобных двухбаковых сустрэч прэзідэнтаў, адзначыў Прыходзька.

У саміце ўдзельнічае Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта паведаміў кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі. Разам з тым ён не стаў адказваць на пытанне аб тэрмінах візіту Лукашэнкі ў Арменію.

Як паведамлялася раней, прэзідэнт Беларусі знаходзіцца ў Арменіі як мінімум з 18 жніўня — гэта пацвердзіла прэс-служба армянскага прэзідэнта. Аднак ніякай інфармацыі пра яго знаходжанне ў Арменіі не даюць ні беларускія, ні армянскія крыніцы.

Вечарам 19 жніўня ў Ерэван прыбыў прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў. Ён наведвае Арменію з дзяржаўным візітам, пасля чаго возьме ўдзел у саміце АДКБ.

На мінулым тыдні расійскія СМІ са спасылкай на Крэмль паведамілі, што Мядзведзеў не мае намеру праводзіць двухбаковую сустрэчу з Лукашэнкам.

Варта таксама адзначыць, што 18 жніўня намеснік кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Аляксей Громаў пацвердзіў гатоўнасць Масквы апублікаваць стэнаграму з абяцаннямі прэзідэнта Беларусі прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію, якія былі дадзеныя на адным з пасяджэнняў кіраўнікоў дзяржаў АДКБ.

Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

←Встретится ли Лукашенко "тет-а-тет" с Медведевым ?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика