Старшыня Еўрапарламента заклікаў Мінск «вярнуцца на шлях дэмакратызацыі»
Старшыня Еўрапейскага парламента Ежы Бузэк у заяве ад 19 мая заклікаў беларускія ўлады «неадкладна спыніць рэпрэсіі і пераслед структур грамадзянскай супольнасці і вярнуцца на шлях дэмакратызацыі». Як паведамляе
Бузэк выказаў «сур’ёзную занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі» ў сувязі з «апошнімі паведамленнямі пра рэпрэсіі і пераслед структур грамадзянскай супольнасці».
«Мы не бачым паляпшэнняў [у сферы правоў чалавека], але выразны рэгрэс, і гэта вельмі непакоіць мяне», — гаворыцца ў заяве Бузка.
Кіраўнік Еўрапарламента выказаў расчараванне ходам кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы, якая «не паказала бачных паляпшэнняў у галіне празрыстасці і выканання дэмакратычных стандартаў». Ён таксама адзначыў узмацненне націску на незалежныя СМІ і два вынесеныя нядаўна смяротныя прысуды.
Бузэк падкрэсліў, што ў аснове дыялогу ЕС і Беларусі ляжыць шэраг умоў, сярод якіх — «рэальны прагрэс у галіне дэмакратыі і выразныя сігналы пра паважанне правоў чалавека». Палітык нагадаў, што прыпыненне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў будзе перагледжана восенню 2010 года.
Раней у інтэрв’ю БелаПАН Розмары Томас, пасол Вялікабрытаніі, якая ў Беларусі прадстаўляе старшыню ЕС Іспанію, выказала занепакоенасць масавымі вобыскамі, праведзенымі 18 мая ў актывістаў кампаніі «Гавары праўду!».
Томас не выключыла, што вобыскі з’яўляюцца «спробай задушыць незалежнае меркаванне і дзейнасць» і могуць быць звязаны з будучай кампаніяй па выбарах прэзідэнта.
Паводле слоў Томас, дыпмісія ўважліва сочыць за развіццём сітуацыі. «У ЕС вывучаюць абставіны і падтэкст вобыскаў, каб разгледзець магчымасць на іх адрэагаваць», — сказала брытанскі пасол.
18 мая прайшлі вобыскі ў мінскім офісе грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», у кватэрах яе актывістаў, а таксама ў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у Гомелі, Брэсце, Гродне, Магілёве, Бабруйску, Слоніме, Барысаве, Ваўкавыску і іншых гарадах Беларусі.
Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў і два яе актывісты Сяргей Вазняк і Андрэй Дзмітрыеў змешчаны пад варту і знаходзяцца ў сталічным Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яны праходзяць падазронымі па справе, распачатай на падставе артыкула 250 Крымінальнага кодэкса (распаўсюджванне заведама непраўдзівай інфармацыі аб таварах і паслугах).
Пры правядзенні вобыскаў прадстаўнікі праваахоўных органаў паведамлялі грамадзянскім актывістам розныя версіі: адны сцвярджалі, што справа распачата па факце паклёпу, іншыя — у сувязі з незаконным набыццём тэхнікі. Называлася таксама ч. 1 арт. 250 КК (распаўсюджванне непраўдзівай інфармацыі аб таварах і паслугах).
У МУС і КДБ каментаваць сітуацыю адмаўляюцца.
Марына Рахлей, БелаПАН