Аляксандр Лукашэнка: Развіццю асабістых падсобных гаспадарак грамадзян неабходна ўдзяляць больш увагі
Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе, прысвечанай разгляду гэтага пытання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на актуальнасць праблемы і яе вялікае як эканамічнае, так і сацыяльна-палітычнае значэнне. Вядзеннем асабістых падсобных гаспадарак у той або іншай меры займаецца не менш як трэць насельніцтва краіны, гэта жыхары не толькі вёсак, але і рабочых пасёлкаў, малых гарадоў і прыгарадаў буйных цэнтраў. Прэзідэнт адзначыў, што яны ўносяць істотны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі дзяржавы. Выкарыстоўваючы толькі крыху больш як 11 працэнтаў сельгасзямель, яны пастаўляюць каля 30 працэнтаў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Пры гэтым не толькі забяспечваюць сябе экалагічна чыстымі прадуктамі харчавання, але і пастаўляюць іх на рынак. Важна, што ў гэтых гаспадарках вырошчваюцца найбольш працаёмкія культуры — бульба (88 працэнтаў агульнага збору), агародніна (80 працэнтаў), плады і ягады (больш як 90 працэнтаў).
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб тым, што падсобныя гаспадаркі садзейнічаюць павышэнню рэальных даходаў і дабрабыту вяскоўцаў, даючы ім істотную прыбаўку да сямейнага бюджэту. Да таго ж, на думку Прэзідэнта, такія гаспадаркі выконваюць і важную выхаваўчую функцыю. "Жыццё паказвае — там, дзе з дзяцінства прыцягваюць да працы, догляду жывёлы і агародніцтва, там менш праблем з п'янствам і іншымі негатыўнымі з'явамі", — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, бываючы ў рэгіёнах, часта цікавіцца, як ідуць справы ў гэтай сферы, як мясцовыя ўлады клапоцяцца аб людзях, заўсёды нацэльвае іх на дапамогу ва ўборцы ўраджаю, арганізацыі закупкі прадукцыі, выдзяленні прыдатных зямельных участкаў і пашы. Акрамя таго, гэта тэма неаднаразова выносілася не абмеркаванне на рэспубліканскіх нарадах, даваліся канкрэтныя даручэнні ўраду і губернатарам, была распрацавана мэтавая праграма развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2006—2010 гады.
Настаў час падводзіць вынікі рэалізацыі гэтай праграмы і выканання раней дадзеных даручэнняў. "Аднак па ўсім відаць, што ў гэтай сферы пахваліцца няма чым. У апошняе дзесяцігоддзе з году ў год зніжаецца вытворчасць прадукцыі, рэзка скарачаецца пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Змяншаецца і сама колькасць падсобных гаспадарак. Так, у параўнанні з 2000 годам іх стала менш на 175 тыс., або на 14 працэнтаў. Гэта тэндэнцыя характэрна для ўсіх абласцей краіны", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што нельга на 100 працэнтаў пагадзіцца з той пазіцыяй, што аб'ектыўнымі прычынамі гэтага спаду з'яўляюцца скарачэнне колькасці сельскіх жыхароў, старэнне сялян, нежаданне моладзі абзавесціся падсобнай гаспадаркай. "Справа не столькі ў аб'ектыўных прычынах, колькі ў абыякавым, дакладней, у нядбайным стаўленні ў першую чаргу з боку мясцовых уладаў да клопатаў людзей, якія вядуць падсобныя гаспадаркі, — адзначыў Прэзідэнт. — Паглядзіце ж, колькі скаргаў і ў прэсе, і ў дзяржаўных органах на тое, што няма магчымасцяў гадаваць жывёлу — ні пашы, ні сенажаці, ні нармальнай арганізацыі закупак малака і іншай прадукцыі. Людзі гатовы ўкладаць сваю працу, аддаваць свой час карыснай справе, але ад нашага абуральнага стаўлення церпяць як самі сельскія працаўнікі, іх гаспадаркі, так і дзяржава ў цэлым".
Ёсць гаспадаркі і раёны, дзе кіраўнікі разумеюць важнасць гэтай праблемы і падтрымліваюць людзей, аднак у большасці раёнаў не прымаюцца канкрэтныя і эфектыўныя меры ў гэтай сферы. "Практычна ўсё кінута на самацёк, маўляў, выжывуць — дык выжывуць, а не — дык не, за прыватнікаў, здаецца, мы не ў адказе. Так нікуды не варта!" — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, абазначыў гэта пытанне крыху шырэй. На яго думку, на яго трэба глядзець як на работу са зваротамі грамадзян. Ён дадаў, што ў бліжэйшы час яна будзе дэталёва разгледжана на пашыранай нарадзе ў Прэзідэнта, падрыхтоўка да яе пачата ўжо: ва ўсіх рэгіёнах арганізаваны маніторынг сітуацыі, каб ведаць рэальную карціну на месцах і прымаць дзейсныя меры па вырашэнні існуючых праблем. Ад удзельнікаў нарады Аляксандр Лукашэнка чакае аб'ектыўнай ацэнкі сітуацыі і адказаў на пытанні, ці варта і далей развіваць падсобныя гаспадаркі, у якім выглядзе яны павінны існаваць, што неабходна для гэтага зрабіць.