Багапш спадзяецца на хуткае прызнанне Абхазіі Украінай і Беларуссю
Паводле звестак РІА Новости, гутарачы з журналістамі 29 красавіка ў Сухумі, Багапш заявіў: «Я з асцярожным аптымізмам стаўлюся да гэтага. Для нас гэта архіважна, каб Украіна пайшла на прызнанне. Каб Беларусь, нарэшце, адважылася і закрыла гэтую тэму».
Варта зазначыць, што сёння прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч знаходзіцца з рабочым візітам у Мінску.
27 красавіка ў Страсбургу Януковіч заявіў, што ён супраць прымянення двайных стандартаў у пытанні прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а таксама прапанаваў вызначыць крытэрыі давання незалежнасці і выпрацаваць падыход да вырашэння праблем замарожаных канфліктаў.
У сваю чаргу прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што рашэнне аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі павінен прыняць парламент.
Яшчэ ў канцы 2008 года Абхазія і Паўднёвая Асеція накіравалі ў беларускі парламент просьбу аб прызнанні іх незалежнасці. У лістападзе 2009‑га група беларускіх парламентарыяў наведала Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асецію, каб азнаёміцца з сітуацыяй на месцы. Паводле вынікаў паездкі дэпутаты падрыхтавалі даклад для кіраўніцтва краіны, які так і не быў абнародаваны.
БелаПАН