Беларусь i Расiя падпiсалi пратакол аб умовах пастаўкi нафты

Источник материала:  

Першы вiцэ-прэм'ер Беларусi Уладзiмiр Сямашка i вiцэ-прэм'ер Расii Ігар Сечын 27 студзеня дасягнулi канчатковай дамоўленасцi аб умовах пастаўкi расiйскай нафты ў Беларусь. Аб гэтым паведамiў Уладзiмiр Сямашка ў размове з беларускiмi журналiстамi.

Бакi падпiсалi пратакол да пагаднення ад 2007 года, якiм на працягу папярэднiх трох гадоў рэгулявалiся ўмовы пастаўкi расiйскай нафты i падзелу памiж дзвюма краiнамi экспартных пошлiнаў на нафту i нафтапрадукты. Акрамя таго, падпiсаны балансавая даведка па пастаўках нафты, методыка разлiку кошту транзiту расiйскай нафты праз беларускую тэрыторыю.

Уладзiмiр Сямашка паведамiў, што аб'ём бяспошлiнных паставак нафты ў Беларусь складзе 6,3 млн тон штогод. "Нам удалося даказаць, што ўнутраныя патрэбнасцi Беларусi ў нафце складаюць не 5 млн тон, а 6,3 млн тон, без улiку ўнутранай здабычы нафты, — адзначыў першы вiцэ-прэм'ер. — Цана гэтага пытання — $400 млн".

Ён асаблiва падкрэслiў, што дасягнутыя дамоўленасцi даюць магчымасць iстотна павялiчыць агавораную лiчбу бяспошлiнных паставак нафты за кошт наступных пазiцый. Па-першае, да 1 кастрычнiка будуць ацэнены тэмпы росту беларускай эканомiкi (а яны могуць скласцi па прагнозе ў гэтым годзе 10-11 працэнтаў ВУП), i беларускi бок мае права прапарцыянальна павялiчыць квоту бяспошлiнных паставак нафты. Па-другое, не будуць абкладацца пошлiнай тыя аб'ёмы нафты, якiя будуць пастаўлены на беларускiя НПЗ, а потым экспартаваны ў Расiю ў выглядзе нафтапрадуктаў.

Акрамя таго, Уладзiмiр Сямашка нагадаў, што ў апошнiя гады структура перапрацоўкi расiйскай нафты ў Беларусi склалася наступным чынам: палова яе перапрацоўваецца за кошт уласных сродкаў беларускiх прадпрыемстваў, а другая — як давальнiцкая нафта расiйскiх кампанiй. Паводле слоў першага вiцэ-прэм'ера, бакi дамовiлiся, што для расiйскiх кампанiй рэжым работы ў Беларусi не зменiцца з умовай, што прадукты нафтаперапрацоўкi будуць вывезены назад у Расiю. Адпаведна давальнiцкiя аб'ёмы расiйскай нафты таксама не будуць абкладацца мытнай пошлiнай. "Да сённяшняга дня для расiйскiх нафтавых кампанiй, якiя працуюць на беларускiм рынку, гэта было вельмi балючым момантам", — падкрэслiў Уладзiмiр Сямашка.

Умовы, аб якiх удалося дамовiцца, даволi блiзкiя да таго, якiя дзейнiчалi ў 2009 годзе, адзначыў першы вiцэ-прэм'ер. "Дзякуючы дасягнутым дамоўленасцям бюджэтныя страты Беларусi будуць не такiя вялiкiя, як гэта бачылася яшчэ зусiм нядаўна", — дадаў ён.

БЕЛТА.

←Тариф за тариф

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика