Дзікая ружа, ці Шыпшына не супраць туі

Источник материала:  
18.08.2020 14:24 — Разное
Дзікая ружа, ці Шыпшына не супраць туі

Адзін з першых серыялаў на нашым тэлебачанні напрыканцы мінулага стагоддзя  быў мексіканскі, называўся ён «Дзікая ружа». Але я не пра яго – проста ўспомнілася па асацыяцыі з асабістымі думкамі наконт традыцыйнай для нашых месцаў прыгажуні з вельмі беларускім каларытам. І стаўленнем да некаторых пытанняў з нагоды. Давайце паразважаем разам, шаноўныя чытачы.

…Зараснікі шыпшыны ля рэшткаў былой панскай сядзібы нашэптваюць казачны сюжэт. Здаецца, яны ведаюць нейкую тайну, а таямнічасць заўсёды прыцягвае. Сюды летнімі вечарамі прыходзяць пасакрэтнічаць дзяўчаты. Тут прызначаюць спатканне закаханыя. А ўвосень «нічыйныя» кусты надзяляюць усіх жадаючых ураджаем гаючых пладоў, якія ўвабралі ў сябе сонечную цеплыню.

 …Роўненькія шыпшынавыя рады ўздоўж чыгуначнага палатна ці дарожнай стужкі мільгаюць перад вачамі пасажыраў прыгожымі пейзажнымі замалёўкамі – такім адначасова выпадковым і «наўмысным» фонам для настрою: шчаслівага шляху, путнікі!

 …Прадуманыя кампазіцыі з гэтых калючых кусцікаў, спачатку расквечаных маленькімі ружамі, а пазней – яркімі агеньчыкамі пладоў, на мінскіх вуліцах, газонах, нават ля Нацыянальнай бібліятэкі настолькі арганічна ўпісаліся ў сталічныя вонкавыя візітоўкі, што дзівішся: небаскробы, шкло, бетон, сучасныя шык-бляск – нібы абрамленне шыпшынавых куточкаў.

а жаль, не надта часта гэтай прыгажуні знаходзіцца месца па іншых – не сталічных – адрасах.  Яна не адзінкавая ў такім «неаншлагу»: гэта, напрыклад, датычыць і язміну, і бэзу, і акацыі. Хаця… Вядома, што ў Цэнтральным батанічным садзе створаны і расце-прырастае шыкоўны сірынгарый з непаўторнай экспазіцыяй і што сёлета з 16 па 24 мая тут праводзіўся штогадовы традыцыйны тыдзень бэзу. А ў нашым абласным цэнтры ёсць алея «Бэз Перамогі» – ля сцен Брэсцкай крэпасці. Дарэчы, гэта частка аднайменнага міжнароднага праекта, аўтарамі якога сталі саветы батанічных садоў Беларусі і Расіі і які аб’яднаў гарады-героі дзвюх краін. Тады, у маі 45-га, гавораць, бэз цвіў пышнай квеценню і ім сустракалі пераможцаў. А сёння ён услаўляе подзвіг. Такі вось сімвал ёсць у Дня Перамогі. Як жа правільна было б, на маю думку, пазначыць яго і ў іншых гарадах, гарадках ці вёсках! Прыгожа і сардэчна. Каардынаты выбраць не праблема. Маю на ўвазе грамадскія месцы. І прывабны дызайн, і азеляненне, і душэўная задаволенасць, і вачам замілаванне гарантаваны.

Не агітую за відавочнае, але існуюць падставы для гэтых разважанняў. Ну няшмат у нас нованароджаных шыпшына-бэзава-язмінавых куточкаў. Усё часцей заморскія туі, воцатныя дрэвы, кіпарысавікі прыжываюцца на алеях, у скверах, ля офісаў і адміністрацыйных будынкаў. Не маю нічога супраць экзотыкі, тым больш, што перамены клімату даюць дабро цеплалюбівым дзівам (асабліва раяніраваным да нашых умоў): расціце, красуйце і радуйце людзей! Але ўсё ж, каб не на шкоду кусціку ядлоўца. Ён жа, свой, родны, ніколькі не саступае завезеным здалёк вечназялёным экзотам. Памятаеце радкі, якія забыць немагчыма: і тчэ, забыўшыся, рука замест персідскага ўзора цвяток радзімы васілька?..

аволі часта ўспамінаю пра горад Іванава – ён у верасні 2018 года быў цэнтрам святкавання Дня беларускага пісьменства. І ў першую чаргу ўзгадваю рабінавую алею ўздоўж вуліцы на ўездзе ў райцэнтр. Вельмі ўжо ўразілі чырвона-аранжавыя гронкі на карункавай сакавіта-зялёнай лістоце, прычым іх было многа-многа, шчодра-шчодра. Ехалі, а алея ўсё не заканчвалася. Карціна, напісаная самым пачаткам восені, успрымалася як сапраўдны шэдэўр.  Гэтым рабінавым цудам ствараўся зусім не будзённы настрой, а той, які пасаваў зместу свята. У мастака-верасня быў таленавіты суаўтар.  Хто «прыдумаў» гэту алею, той у яблычак трапіў: і ідэя прыгожая, і выканана годна, і эфект атрымаўся выдатны. Скажу па праўдзе: па-добраму пазайздросціла іванаўцам. Магчыма, проста нашы густы супалі, але хутчэй за ўсё нам усім патрэбны, вобразна кажучы, вітаміны, якія вырашчаны ў сваіх шыротах. 

Менавіта бярозкі, клёны, ліпы, вербы цягнуцца да сонца ў алеях і скверах, якія сёлета пасаджаны ў гонар юбілею Перамогі. Не туі, не кіпарысавікі, не сакура, а свае, тутэйшыя дрэвы. І, здаецца, гэта аптымальнае рашэнне ў дадзеным выпадку: шанаванне подзвігу і адначасова зварот да нашчадкаў трэба засведчыць-пісаць сваім алфавітам. Такі аўтограф застаецца надоўга і чытаецца выразна. Шыпшынава-рабінавы, бэзава-язмінны, знаёмы да драбніц, да пялёстка, і ў той жа час заўсёды па-новаму прачытаны, пранікнёны, неверагодны, ашаламляльны. Каб на добрую памяць.

Ну, а наконт «гасцей» ад флоры, то, паўтаруся, хто ж супраць: няхай упрыгожваюць, няхай радуюць і дадаюць іскрынкі-шарму нашаму гарадскому пейзажу і не толькі гарадскому. Любуюся архідэямі, квітнеючым міндалём, гліцыніяй. І туі даспадобы, не мець якія сёння лічыцца амаль што дрэнным тонам. Паглядзіце, колькі іх паўсюдна, рознага ўзросту, рознага росту, але незалежна ад гэтага заўсёды рэспектабельных. Толькі ўсё ж непераўзыдзенасць рабіны, каліны… Толькі ўсё ж вытанчанасць бэзу, язміну… Толькі ўсё ж гарманічнасць шыпшыны… І фантастычнасць півоняў, мальваў, вяргіняў, залатых шароў… Безумоўна, прывычныя, амаль хрыстаматыйныя, галоўнае ж – незаменныя па шкале жыццёвай неабходнасці. І навамодныя экзоты ім не канкурэнты. Таму што сэрцу і вачам заўсёды самыя мілыя краявіды сваёй Радзімы.

(Visited 3 times, 3 visits today)

←«Я свой выбор сделал». Офицеры о том, почему не смогли смотреть на насилие и уволились

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика