Как проходили выборы Президента Республики Беларусь на участке № 17 в Повятье
Асноўны дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прайшоў у раёне ва ўрачыстай і адначасова святочнай атмасферы. Справа, канешне, не толькі ў знешніх атрыбутах падзеі: выхадны, музыка, віншаванні, букеты, усмешкі. Большае значэнне мае сэнс выбарчай працэдуры. Аддаўшы голас, мы вызначаем будучыню, якую бачым толькі ў светлых фарбах. Усе гэтага жадаюць, асабліва для сваіх дзяцей.
На ўчастку № 17, што размясціўся ў Павяцкім сельсавеце, працэс галасавання па выбарах Прэзідэнта праходзіў арганізавана і душэўна. Цёпла ўсіх віталі члены камісіі. З бюлетэнем да ўрны падыходзілі і пажылыя, і грамадзяне сярэдняга ўзросту, шмат моладзі. Ішлі сем’ямі. На малой радзіме аддавалі свой голас мінчане. Пра каго з іх ні спытай, кожны найлепшы, са шматлікімі перавагамі. Так умеюць ацэньваць акружаючых добразычлівыя павятчане. У тым задае тон мясцовая актывістка, старэйшына, нераўнадушны чалавек, а ў камісіі па выбарах – нязменны сакратар Марыя Юрашак.
9 жніўня асаблівая дата для павятчанкі Марыі Мутар. Акурат у гэты дзень ёй споўнілася 18 гадоў, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – першая ў жыцці дзяўчыны выбарчая кампанія. Прыйшла на ўчастак з мамай Жаннай Уладзіміраўнай, а на руках скарб – сынок. Арсеній мірна спаў, таму не перашкаджаў ні галасаваць, ні пазіраваць на фотакамеру. У свае тры месяцы нібы адчуваў адказнасць. Са знамянальнымі датамі павіншавалі маладую матулю першы сакратар РК ГА «БРСМ» Вікторыя Фурс, члены ўчастковай камісіі, прыемным дапаўненнем да цёплых слоў сталі кветкі і падарунак.
Упершыню галасавалі Аксана Каськевіч з Дар’яй Арсоба. Да выбару былыя аднакласніцы падышлі асэнсавана. Абедзве ўпэўнены, што іх рашэнне пасадзейнічае таму, каб наша краіна станавілася яшчэ лепш. Пастараюцца ўмацоўваць яе сваімі дасягненнямі. Прыклад для пераймання – бацькі. Напрыклад, у Аксаны тата – перадавік ААТ «Мерыца». Імя вадзіцеля Валерыя Каськевіча не сыходзіць з Дошкі гонару на жніве. Аксана ж марыць стаць медыкам-эколагам, вышэйшую адукацыю па профілі атрымлівае ў БДУ.
– Заўсёды любіла прыроду, імкнулася захоўваць яе, адначасова праяўляла цікавасць да медыцыны, што ўзмацнілася, калі старэйшая сястра стала ўрачом, – дзеліцца студэнтка. – Сапраўднай знаходкай лічу факультэт, дзе экалогія і медыцына гарманічна спалучыліся ў адну цікавую для мяне прафесію.
Таксама вучыцца ў сталіцы Дар’я Арсоба. Яна будзе вытворцам і захавальнікам прадуктаў раслінаводства для развіцця сельскай гаспадаркі, што заключае ў сабе прафесія тэхніка-тэхнолага.
Дом там,
дзе праца
Многія ішлі на выбары сем’ямі. У іх ліку Аляксей Масла. У працоўныя будні заняты механікам у цэнтральнай раённай бальніцы. Сам павяцкі, застаецца верным гэтай зямлі разам з жонкай-навапалачанкай. Жаданне мужа жыць на сяле яе не насцярожыла, сюды прыехала і закахалася яшчэ больш. Навучылася даіць карову, іх тры на падворку маладой сям’і, гадуюць свіней, трусоў, птушку. Утульным гняздзечкам стаў адрэстаўраваны дом, які дастаўся ў спадчыну. На свежым паветры і экалагічна чыстых прадуктах растуць дзеткі. Дачушка хутка пойдзе ў садок, сынок – першакласнік. Школа блізка. Маслы галасавалі за шчасце і дабрабыт, каб вёска жыла і развівалася.
Усё для годнага жыцця, працы і адпачынку знайшлі на сяле Крысціна і Яўген Цярэшкі. У іх свае агарод і гаспадарка, дом выдзеліла адміністрацыя філіяла «Павяцце». Двое дзетак. Яўгена за ўмелыя рукі называюць мясцовым кулібіным. У вадзіцеля сельгасвытворчасці заўсёды на хаду і дагледжаны рабочы аўтамабіль. Крысціна занята ў школьнай сталовай. У шумны горад не зацягнеш. Галоўнае для іх – мірнае неба і стабільнасць, а ўсё астатняе купяць за грошы, якія намераны зарабляць плённай працай.
Ніколі не жадала з’ехаць з Павяцця Валянціна Мілашэвіч. Як прыйшла на ферму ў 17 гадоў, так і затрымалася на доўгія 35, мае тытул найлепшай даяркі на раздоі. Яе заслугі адзначаны на рэспубліканскім узроўні. Кароўкі дагледжаны, дома парадак і выглядае выдатна: з прычоскай і макіяжам, у моднай сукенцы, са шчырай усмешкай. І субяседніца цікавая. Такі вобраз уміг развейвае міф, што на сяле даяркі слаба адукаваныя, не глядзяць за сабой і выпіваюць.
За ходам выбараў у якасці назіральніка пільна сачыла Эма Дзярко. Заўваг не зафіксавала. А пра сябе расказала, што звыш 30 гадоў працавала на павяцкім свінакомплексе. Справу любіла, адказна даглядала па 600 свінаматак. Каштоўны вопыт дазваляе гадаваць іх на ўласным падворку. Такі ўклад жыцця прадстаўнікоў старэйшага пакалення: не папрацуеш – застанешся ні з чым.
Талковых, мудрых, цікавых вяскоўцаў шмат, ёсць з кім важныя задачы вырашаць і будаваць наша заўтра.
– На ўчастку № 17 зарэгістраваны 401 патэнцыяльны выбаршчык, больш за 25 % з іх прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, – уводзіў у курс спраў старшыня камісіі па выбарах Уладзімір Жэндараў. – Да 10.00 у асноўны дзень яўка склала 53,3 %, да 12.00 – 70 %. Актыўнасць грамадзян высокая. Задачай камісіі было толькі забяспечваць працэс галасавання ў рамках заканадаўства.
Механізатары завіталі на ўчастак да выезду ў поле, жывёлаводы – пасля дойкі. З раніцы члены камісіі з урнамі накіраваліся ў аддаленыя вёскі, дзе чакалі бюлетэняў звыш 80 чалавек. Вырашылася і пытанне мінчан, якія прыйшлі на Павяцкі ўчастак, каб на малой радзіме аддаць голас за кандыдата ў Прэзідэнты. Пасля ўзгаднення з участковай камісіяй па месцы рэгістрацыі атрымалі на гэта права.
Вопыт работы Уладзіміра Жэндарава ў выбарчых кампаніях назапашваўся гадамі. І дзякуючы шматгадовай практыцы ўжо добра вывучыў электарат: сяльчане не вераць гучным папулісцкім прамовам. Для іх лепш сініца ў руках, чым журавель у небе. Пацвярджае гэта і доўгажыр электаральных кампаній Анэля Іосіфаўна Хадасевіч. Настаўніца пачатковых класаў запомнілася вельмі адказнай у ролі сакратара ўчастковай камісіі. Свой вопыт перадавала маладзейшым. Прыйшла на ўчастак у суправаджэнні ўнука Ігара. Задаволена і жыццём, і пенсіяй, якую размяркоўвае прадумана, таму на ўсё хапае. А заўтрашні дабрабыт, мір і спакой, з яе слоў, будуюць вопытныя розумы.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Наталія СТАНКЕВІЧ.