У Міжнародны дзень роднай мовы сотні жадаючых у розных установах Гродзеншчыны сталі ўдзельнікамі абласнога дыктанта. Да маштабнай беларускамоўнай акцыі далучыліся і студэнты, і педагогі, і супрацоўнікі органаў улады.
У аблвыканкаме сёння было усё як некалі на экзамене у школе: сапраўдны настаўнік, фірмовыя бланкі і ніякіх падказак. Тэкст, які прапанавалі ўдзельнікам, быў прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і, дарэчы, ён быў дастаткова непростым: з-за неўважлівасці можна было лёгка зрабіць памылку, але ж адзнак тут ніхто не ставіў, таму што галоўная мэта не ў гэтым.
– Хочацца ўспомніць словы Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі», – сказаў старшыня галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Вярсоцкі. – Такія акцыі нам патрэбны, каб кожны сваім асабістым прыкладам мог нагадаць аб сэнсе гэтых слоў тым, хто побач, каб прыцягнуць увагу да роднай мовы. Разам з іншымі супрацоўнікамі аблвыканкама мы з вялікім задавальненнем напісалі сённяшнюю дыктоўку. Прыемна, што вельмі многія адклікнуліся на прапанову.
Напісанне беларускамоўнага дыктанта – гэта, як адзначылі ўдзельнікі акцыі, арыгінальны эксперымент, які абавязкова павінен захавацца добрай традыцыяй.
– Сёння свята, калі мы ўсе павінны ўспомніць пра сваю родную мову, – адзначыў старшыня галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык. – Людзі павінны не забываць родную мову, памятаць, адкуль пайшлі іх карані. Аб гэтым нагадвае Міжнародны дзень роднай мовы.
Ідэю беларускамоўнага “флэшмоба” падтрымалі і ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Здаць своеасаблівы “экзамен” на веданне роднай мовы сюды прыйшлі слухачы павышэння кваліфікацыі і супрацоўнікі інстытута, члены прафсаюзнага камітэта пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, а таксама ўсе жадаючыя жыхары горада.
– У гісторыі ёсць шмат прыкладаў, калі пісьменнікі і паэты складалі прозу і вершы на розных мовах, але самае моцнае псіхалагічнае удзеянне і прызнанне ў свеце мелі менавіта творы на роднай мове, – сказала рэктар інстытута Святлана Сяргейка. – Мы праводзім семінары, вебінары, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы па ўдасканаленню беларускай мовы для настаўнікаў, маем у гэтай галіне добрыя напрацоўкі. У гэтым годзе па загаду міністра адукацыі наш інстытут стаў адзіным у краіне, дзе рыхтуюцца настаўнікі, каб фарміраваць нацыянальную самасвядомасць вучняў, бо кожны з дзяцінства павінен усвядоміць: я – беларус і мая родная мова самая прыгожая і мілагучная.
Каля тысячы студэнтаў і выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверітэта імя Янкі Купалы адначасова ва ўсіх карпусах аб’яднала свая – купалаўская – дыктоўка. Аўтарам тэксту з назвай «Пад імем Купалы», прысвечанага гісторыі і сучаснаму стану Купалаўскага ўніверсітэта, стаў адзін з супрацоўнікаў кафедры беларускай філалогіі. У гэтым годзе да дыктоўкі далучыліся чатыры каледжы ўніверсітэта, а таксама Цэнтр беларускай мовы і культуры ў МДУ імя Ламаносава ў Маскве, створаны сумесна з купалаўскай ВНУ.
Адразу пасля абласнога дыктанта ўсе яго ўдзельнікі незалежна ад месца напісання мелі магчымасць самастойна праверыць свой тэкст і зрабіць асабістыя высновы, наколькі добра яны валодаюць беларускай мовай, а “выдатнікі” атрымалі сімвалічныя падарункі ў нацыянальным каларыце.
Ганна Радзюк
Фото: Вадзіма Галоціка, Яна Хведчына і із архіва ГрДУ імя Янкі Купалы