Мара дзяцінства стала рэальнасцю для курсанта Ваеннай акадэміі Максіма Сікоры

Источник материала:  
21.02.2020 — Разное

Мара дзяцінства стала рэальнасцю для курсанта Ваеннай акадэміі Максіма СікорыМаксім Сікора, якога вы бачыце на фотаздымку, у цяперашні час праходзіць службовую практыку ў Гомелі. Юнак з’яўляецца курсантам 4-га курса Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Сустрэўся я з Максімам у вёсцы Жукоўшчына, калі ён прыязджаў да бацькоў у водпуск.

— Яшчэ пасля заканчэння сярэдняй школы я планаваў стаць ваенным, але па некаторых прычынах у той час змяніў мару і паступіў у Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, — расказаў нам Максім. — Памятаю, як аднойчы прыехалі прадстаўнікі з Ваеннай акадэміі. Нас, юнакоў, сабралі ў вялікай аўдыторыі і завялі размову пра навучанне ў гэтай ВНУ. Тады я для сябе рашыў: гэта лёсавызначальная сустрэча з кадравымі вайскоўцамі, бо і сапраўды мара дзяцінства крочыла да мяне сама. Так я і стаў курсантам факультэта ўнутраных войск Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

З самага пачатку складана было звыкнуцца са строгім распарадкам будніх і выхадных дзён, таму мы на працягу месяца праходзілі “КМБ” — курс маладога байца.

У шэсць гадзін раніцы мы прачынаемся, робім зарадку, гігіенічныя працэдуры, снедаем. А ў палове дзявятай гадзіны пачынаюцца заняткі, на якіх мы знаходзімся амаль да 15.00. Пасля абеду даецца некаторы час на самападрыхтоўку, калі мы чытаем, рыхтуемся да наступных заняткаў. З 19 і да 21 гадзіны — гэта наш асабісты час. Мы глядзім тэлебачанне, можам, не пакідаючы тэрыторыю акадэміі, прагуляцца па вуліцы, патэлефанаваць бацькам ці сябрам. Пасля вячэры і паверкі ў 22 гадзіны гучыць каманда “адбой”.

Па выхадных днях для нас рыхтуюць мерапрыемствы ідэалагічнага накірунку: сустрэчы, гутаркі, дакументальныя стужкі. Часта бываем у тэатрах, наведваем і палацы спорту. А калі паспяхова вучышся, не маеш заўваг па паводзінах, камандаванне прадастаўляе пэўны час у выхадныя дні, каб скарыстаць яго ў асабістых мэтах, напрыклад, паехаць у горад.

У нашай акадэміі займаюцца мае землякі — юнакі з Шаркаўшчынскага раёна, з якімі я сябрую. Наогул, як вучаць нас камандзіры, без сяброўскай падтрымкі салдату вельмі цяжка, таму надзвычай важна адчуваць побач надзейнае плячо таварыша.

Ужо зусім хутка, у чэрвені, я развітаюся са сваёй навучальнай установай і, атрымаўшы лейтэнанцкія пагоны, пачну службу. Але ж у памяці назаўжды застануцца гады, праведзеныя ў акадэміі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика