Праздник всё ближе: лесхоз предлагает ушачанам новогодние деревья, а райпо – вкусные торты!
Да самага чаканага свята застаюцца лічаныя дні. Учора вясёлыя ўшацкія Дзяды Марозы і Снягурачкі запалілі на цэнтральнай плошчы гарпасёлка прыгажуню-ёлку, а каляровыя агеньчыкі ілюмінацыі расквецілі вячэрнія Ушачы. У разгары дзівосны час прадчування навагодніх і калядных цудаў. Як звычайна, ён напоўнены прыемнымі падрыхтоўчымі клопатамі, а набыць усё патрэбнае для святкавання, стварыць узнёслы настрой ушачанам дапамагаюць розныя раённыя службы.
Усё бліжэй Новы год і гэтыя дні ў аддзела грамадскага харчавання становяцца па-сапраўднаму “гарачымі”. Вечарамі ў рэстаране і іншых кропках праходзяць навагоднія агеньчыкі, а кандытарскі цэх працуе
ў напружаным рэжыме, каб напячы тартоў не толькі для ўшачан, а і жыхароў Глыбоцкага, Міёрскага, Полацкага раёнаў, якія зараз уваходзяць у зону абслугоўвання нашага райспажыўтаварыства. Найбольшым попытам карыстаюцца тарты па традыцыйных рэцэптах – “Кава з вяршкамі”, “Малочны ласунак”, “Падарачны”, “Бісквітны” ў бялковым і крэмавым выкананні, а таксама капкейкі ў форме ёлачак. Учора, напрыклад, у “Кулінарыі” была наладжана пашыраная выстава-продаж “кандытаркі”. Прычым, разыходзіліся тарты не толькі ў навагоднім афармленні – аказваецца, дні нараджэнняў многіх ушачан прыпадаюць якраз на апошнія даты года.
Дарэчы, тарты ў райспажыўтаварыстве гатовы зрабіць і па любым індывідуальным заказе. Калі стандартны выраб на вітрыне не падыходзіць вам па памерах ці вы хацелі б арыгінальна яго аформіць, то кандытары гатовы ўлічыць пажаданні і прыняць заяўкі, пакінуць іх варта ў “Кулінарыі”. Але, калі арыгінальная выпечка патрэбна вам на навагодні стол, з заяўкай трэба паспець да 28 снежня ўключна.
На здымку: прадавец “Кулінарыі” М.Камінская і тэхнолаг Л.Лапіч.
***
У суботу ва Ушачах стартаваў ёлачны кірмаш. Па традыцыі гандаль навагоднімі дрэвамі разгарнуўся на
плошчы гарпасёлка і адкрылі яго работнікі Плінскага лясніцтва. У першыя дні кірмашу рэкламавалі тавар і заклікалі купіць галоўны атрыбут свята разам з работнікамі лесу і Дзед Мароз са Снягуркай. Выбраць жа ёсць з чаго: ёлкі, еўрапейскія ёлкі ў кадках, сосны, навагоднія букеты. Як нам паведамілі ва Ушацкім лясгасе, самым хадавым таварам з’яўляюцца дрэвы да аднаго метра, якія каштуюць 9 рублёў. Нагадаем, што ёлачны кірмаш у гарпасёлку будзе працаваць штодня да 31 снежня ўключна з 12 да 18 гадзін. За навагоднім дрэвам можна звярнуцца і ў любое лясніцтва ў рабочы час. Дарэчы, дрэвы з ушацкіх лясоў упрыгожаць і кватэры многіх навапалачан: лясніцтвы Ушацкага лясгаса кожны дзень па графіку выязджаюць гандляваць і ў горад нафтавікоў.
Вольга КАМАРКОВА.