Ёсць у жыцці кожнага чалавека запаветны парог, які ніхто не можа пераступіць раўнадушна. Гэта парог школы. Многа забываецца з мінулага, так пабудавана чалавечая памяць, але школьныя гады – ніколі. Яны дораць радасць, весялосць, першае каханне. I дзе б чалавек не быў, якую б пасаду не займаў, заўсёды хочацца вярнуцца пад крыло роднай школы, дзе ўсё пачыналася.
Жыццё настаўніка вымяраецца не каляндарным, а вучэбным годам. Яно скроена з развітальных узнёслых траўняў і з сустракальных верасняў. Часам цяжка бывае педагогу, штосьці не складваецца ў асабістым лёсе. Але ўзмахне верасень лілова-верасовым крылом, настаўнік прыйдзе ў школу, а там – разгубленасць і чаканне ў сціснутых ручках першакласнікаў, важнасць і значнасць ва ўпэўненай паходцы выпускнікоў. У пошуках сэнсу, марах і спадзяваннях, стратах і знаходках заўсёды побач і разам з вучнямі настаўнік. Кожны педагог імкнецца з любоўю пасеяць у душы дзяцей тры зярняткі: першае – маладзенечкі парастак Праўды, другое – Дабрыні чалавечай дрэўца, трэцяе – Прыгажосці папараць-кветку.
Школа для мяне нібы альбом са сваімі героямі і гісторыяй, дзе ўсё напоўнена жывымі агеньчыкамі любові і адданасці справе. Тут я адпрацавала 42 гады, з іх 22 – намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. За гэты час мяняліся праграмы, рэформы, дэкрэты.
Асабліва запомніліся 1980-я гады, калі прыярытэтным накірункам у народнай адукацыі стала арганізацыя вытворчай працы. Наша Жухавіцкая школа была першапраходцам. Усе дзеці, нават у пачатковых класах, актыўна працавалі. Між іншым, у тыя часы ў нас вучылася 280 чалавек. За кожным класам былі замацаваны дзялянкі на вучэбна-даследчым участку, які ўяўляў сабой мікраполе калгаса. Пачынаючы з 8-га класа, дзеці наведвалі вучнёўскую вытворчую брыгаду. Апроч таго, у школы было 10 га зямлі. Вучні дапамагалі калгаснікам на птушкаферме і на ўборцы буракоў, бульбы і іншай гародніны. Памятаю, колькі было радасці, калі на вачах у дзяцей жоўтыя пушыстыя камячкі ператвараліся ў прыгожых белых птушак. У зімовы перыяд дзяўчынкі тры гадзіны ў тыдзень працавалі ў пластмасавым цэху, а юнакі – у мехмайстэрнях. Спецыялісты калгаса чыталі ў школе лекцыі. Вось так дзеці пачыналі сваю працоўную біяграфію на малой радзіме.
Нездарма ў былога старшыні калгаса Аляксандра Аляксандравіча Багушэвіча сярод шматлікіх высокіх званняў і ўзнагарод асаблівай увагі заслугоўвае нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы БССР”. Гэты чалавек бачыў у школе ўчастак сваёй працы, ведаў імёны большасці вучняў і падтрымліваў з намі самую цесную сувязь.
У 1984-м годзе на базе нашай установы праходзіў рэспубліканскі семінар дырэктараў школ па перайманні вопыту, у 1985-м – абласны семінар старшыняў калгаса, у 1988-м школа ўдзельнічала ў ВДНГ у Маскве, адкуль вярнулася з бронзавым медалём і памятным падарункам.
Такія дасягненні рабілі ўсіх нас – настаўнікаў, вучняў, бацькоў – шчаслівымі. Нашы сумесныя намаганні давалі значны плён. Сапраўды, чалавек, як дрэва, моцны сваімі каранямі. I калі гэтыя карані праяўляюцца ў раннім дзяцінстве, то чалавек будзе трывала стаяць на зямлі. Заўважу, што школу ў той час узначальваў выдатнік народнай асветы БССР, дэлегат 5-га Усесаюзнага з’езду настаўнікаў у Маскве І. І. Мыслівец, а завучам была таксама выдатнік народнай асветы БССР Г. І. Мамончык.
Народная мудрасць кажа: “Вогнішча, запаленае на вяршыні гары, не сагрэе тых, хто ля яе падножжа”. І шчасце, што жывуць сярод нас тыя, хто не проста гаворыць пра дабро, а стварае яго, запальвае свой агеньчык так, каб людзі змаглі каля яго сагрэцца. Гэтыя словы пра нас з вамі, дарагія настаўнікі, пра людзей з прафесіяй вечнай маладосці, якая ў любых абставінах патрабуе ад нас нязменнай бадзёрасці, трываласці і мужнасці. Без адданасці сваёй справе няма сапраўднага педагога.
Шчырасць душы і любоў да сваёй справы, гатоўнасць аддаць сілы і веды – якасці педагогаў, якія працавалі і працуюць у Жухавіцкай сярэдняй школе. Мы, былая адміністрацыя, радуемся, што добрыя традыцыі нашай установы працягваюцца годнымі спадкаемцамі. Дарэчы, былых настаўнікаў не бывае. Так лічым мы, пенсіянеры, людзі, якія аддалі школе лепшыя гады жыцця. І калі набліжаецца верасень, у нашых сэрцах адчуваецца шчымлівы сум па мінулым, па вучнях і настаўніцкіх буднях. Мы ўдзячныя адміністрацыі Жухавіцкай школы, што нас не забываюць, запрашаюць на лінейкі і ўрачыстасці. А яшчэ хочацца павіншаваць калег з прафесійным святам, пажадаць моцнага здароўя, душэўнай цеплыні і бадзёрасці!
Соф’я БАХАР,
былы намеснік па выхаваўчай рабоце Жухавіцкай сярэдняй школы,
выдатнік народнай асветы БССР