«Маркетолог» библиотечной системы Ирина Малак никогда не расстаётся с книгой
Шмат творчых, ініцыятыўных спецыялістаў працуе ў бібліятэчнай сістэме Ушаччыны. Сярод іх і гераіня нашага сённяшняга аповеду. Пра такіх кажуць – чалавек на сваім месцы.
12 гадоў таму Ірына Станіславаўна Малак пераступіла парог сховішча мудрасці чалавечай і да сённяшняга дня з’яўляецца яго надзейнай захавальніцай, шукальніцай новых пазнавальных калекцый. Пачынала з пасады бібліятэкара ў аграгарадку Арэхаўна, адказвала за рэкламу, была метадыстам у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Е.Лось. І вось ужо другі год узначальвае аддзел бібліятэчнага маркетынгу.
– Кніга з дзяцінства была для мяне на пачэсным месцы, – кажа жанчына. – Калі пасля заканчэння Арэхаўскай школы атрымлівала ў адным з полацкіх вучылішчаў спецыяльнасць швачкі, перачытала ўсяго А.Дзюма. Мастацкая літаратура, публіцыстыка дапамагалі ў працоўнай дзейнасці – некаторы час я была мастацкім кіраўніком у Арэхаўскім сельскім Доме культуры. Калі пазней завочна вучылася ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, захапілася беларускай класікай. Цяпер аддаю перавагу найперш “глыбокім” творам, незалежна ад жанру ці аўтарства.
Безумоўна, быць загадчыцай “мазгавога цэнтра” бібліятэчнай сістэмы справа працаёмкая. Даводзіцца вучыцца больш, чым астатнім, быць у курсе інавацый, назапашваць ідэі, укараняць іх у жыццё і дапамагаць іншым. Але для творчай і ініцыятыўнай супрацоўніцы храма кніг гэта не складае вялікіх цяжкасцей. Так, вывучэнне асноў праграмна-праектнай дзейнасці дапамагло Ірыне Станіславаўне распрацаваць шэраг літаратурна-краязнаўчых праектаў, разлічаных на школьнікаў і адпачываючых у санаторыі “Лясныя азёры”, – з завочнымі экскурсіямі, прэзентацыямі, гульнямі. Пад яе кіраўніцтвам супрацоўнікі аддзела арганізуюць розныя святы і выставы, тэматычныя тыдні, выезды ў сельскія бібліятэкі (на сённяшні дзень іх у раёне 14) для аказання метадычнай і практычнай дапамогі, распрацоўваюць сцэнарыі і макеты друкаванай прадукцыі.
Папулярызацыя кнігі адбываецца і праз інтэрнэт. Не так даўно ва Ушацкай ЦБС з’явіўся свой афіцыйны сайт, за інфармацыйнае напаўненне якога адказвае І.С.Малак. На яго старонках можна даведацца аб кніжных навінках, якія паступілі ў раённую біблітэку, прачытаць аб пісьменніках-юбілярах і пра многае іншае. У бліжэйшых планах, гаворыць Ірына Станіславаўна, стварэнне тут асобнага раздзела, прысвечанага малой Радзіме, каб чытач зручна і хутка змог знайсці звесткі пра мінулае і сучаснасць Ушацкага раёна. Дарэчы, каб сабраць такую інфармацыю, спатрэбілася не толькі дасканала вывучыць увесь кніжны фонд ЦРБ, але і не адзін тыдзень пасядзець у музеі, пазнаёміцца з вялікай колькасцю сайтаў.
Як адзначае дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Валянціна Уладзіміраўна Літвін, мэтанакіраваная і эрудзіраваная, І.С.Малак ва ўсіх сваіх пачынаннях дабіваецца поспеху, па-дзелавому вырашае важныя прафесійныя пытанні і душой хварэе за любімую справу.
У вольны ж час Ірына Станіславаўна займацца вырошчваннем кветак – ля яе дома ў Арэхаўне сапраўдны аазіс прыгажосці. Сярод яе хобі таксама кулінарыя.
– Нягледзячы на хуткае развіццё сучасных тэхналогій, усё ж лічу, што яны не заменяць папяровай кнігі, – кажа І.С.Малак. – Каб яна па-ранейшаму была папулярнай сярод чытачоў – гэтага пажадаю ўсім сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.