Четвертого тысячника чествовали на Миорщине
Аляксей Мароз – камбайнер малады, але вопытны. На ўборачнай ніве працаваць умее і поспехаў дабіваецца. Тысячнікам быў не раз. І сёлета старанна падрыхтаваў камбайн – айчынны, выпрабаваны ў справе КЗС-1218.
У звязцы з Аляксеем – Дзмітрый Немянёнак, які таксама не баіцца сесці за руль (у гаспадарцы ўсе камбайнеры працуюць з памочнікамі). Таму ўборачны агрэгат прастойваў толькі з-за дажджоў ці невялікіх паломак. Жніво экіпаж пачаў 16 ліпеня на 31-гектарным полі азімай пшаніцы ля Рачнёва. Потым былі ўчасткі ля Мальцаў, Разаліна.
Адразу маладыя хлебаробы паказалі добрыя тэмпы не толькі ў гаспадарцы – у раёне. Працуюць на адным полі ў роўных умовах з больш вопытнымі калегамі. Умеюць аналізаваць і ўлічваць складальнікі поспеху і прычыны адставання. А гэта галоўныя ўласцівасці лідарскага характару. Ды і праца ў філіяле «Павяцце» арганізавана такім чынам, каб кожны работнік праявіў свае лепшыя дзелавыя якасці. У полі ўборачныя агрэгаты знаходзіліся, як правіла, ад расы да расы. Прытрымлівацца такога рытму дазваляла гарачае харчаванне ў абед і на падвячорак, своечасовая адвозка зерня, маральнае і матэрыяльнае заахвочванне, здаровае саперніцтва і жаданне зарабіць.
Добрыя намалоты забяспечвала азімая пшаніца. Не падвяло і гібрыднае жыта, жніво якога пачалі з 60-гектарнага поля ва ўрочышчы Навінкі, там яно давала больш за 50 цэнтнераў на круг.
Затое з надвор’ем не пашанцавала, яравыя зерневыя не парадавалі. І ўсё ж Аляксей Мароз першым сярод маладых камбайнераў намалаціў тысячу тон зерня на айчынным «Палессі». Гэта адбылося ў мінулую суботу пры ўборцы ячменю ля Лявонпаля.На наступны дзень на рахунку камбайнера было ўжо 1038 тон зерня.
Учора павіншаваць пераможцу маладзёжнага спаборніцтва на поле прыехала дэлегацыя з раёна. Новых дасягненняў пажадаў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Шокель. Арыентавацца ёсць на каго: малады камбайнер Ігар Гаўрыловіч намалаціў на 400 тон больш, праўда, у яго камбайн больш сучасны. Атрымаць такі вялікія перспектывы і ў Аляксея Мараза.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід Хахель уручыў маладому перадавіку прафсаюзную Ганаровую грамату і прэмію, лідарскія чырвоныя кепку і майку.
Спаборніцтва маладых удзельнікаў жніва апякуе і райкам БРСМ, нагадала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Чарняўская. Яна прыпаднесла хлебаробу пісьмо-падзяку аддзела і РК ГА «БРСМ», сувенір.
Затрымка на ячменным полі ля Лявонпаля нядоўгая. Камбайны прыпыніліся толькі падчас абеду, а ім на змену ўжо прыбыў трактар з плугамі.
Фота аўтара.
Леанід МАТЭЛЕНАК.