Ірына Александровіч: «шчасце быць жанчынай…»

Источник материала:  
11.03.2019 — Разное

Ірына Александровіч: «шчасце быць жанчынай…»

Прырода беларуская цудоўна:

Лугі ў расе, азёры і лясы.

Ды прыгажосць жанчын мілей усё роўна,

Няма на свеце больш такой красы!

Беларускія паэты і пісьменнікі ў сваіх літаратурных творах заўсёды ўсхваляюць жанчыну. Яе вобраз цесна звязаны з вясной, жыццём, пяшчотай, ласкай і сям’ёй. Менавіта жанчыны даюць нам, мужчынам, магчымасць спазнаць такія вечныя каштоўнасці, як вера, надзея, любоў. Яны нас акрыляюць у радасці, падтрымліваюць у хвіліны адчаю, вучаць чалавечнасці і спагадзе.

Паслязаўтра моцная палова чалавецтва будзе віншаваць, бадай, з самым светлым, добрым і радасным днём сваіх дарагіх матуль, жонак, сясцёр. У гэты незвычайна ўрачысты і радасны дзень жанчын можна параўнаць з вясной. І гэта датычыць не толькі прыгажосці. Вясна — гэта нараджэнне, надзея і сіла. Яна, вясна, вяршыць дзень сённяшні, дае ўстаноўку на заўтрашні. Мы ўсе вартыя пакланення прыгожай палове чалавецтва, глыбокай павагі да іх. І не за нейкія асаблівыя заслугі, дасягненні, а толькі таму, што яны даруюць нам жыццё, увасабляюць найвялікшую каштоўнасць — талент мацярынскай любові.

Прыемных, жаданых падарункаў і сюрпрызаў чакае з нагоды Дня жанчын і шаркаўчанка Ірына Александровіч.

— Напярэдадні 8 сакавіка ўрачыста і па-асабліваму чула нас, жанчын, віншуюць мужчыны працоўнага калектыву з першым вясеннім святам, — кажа мая суразмоўца. — З самага ранку мы бачым іх усмешкі, чуем словы дабрыні, павагі. Але самыя жаданыя віншаванні радасна атрымліваць ад родных і блізкіх сэрцу людзей. Мой спадарожнік жыцця, муж Расціслаў, хоць і не з’яўляецца асаблівым рамантыкам, тым не менш заўсёды трапятліва і душэўна віншуе мяне з гэтым святам, дорыць букеты вясенніх кветак, рыхтуе святочны сняданак. Загадзя падарункі і сюрпрызы, зробленыя сваімі рукамі, рыхтуе сын Уладзіслаў. Ён вучыцца ў 4 класе СШ № 1, а яшчэ займаецца на мастацкім аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў. Сын выдатна вучыцца і цудоўна малюе. Падрастае ў сям’і дачушка Ульяна. Галоўным падарункам для мяне з’яўляецца яе радасны, бадзёры, звонкі смех.

Ведаеце, я лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо прафесійная кар’ера складваецца паспяхова, а працу на пасадзе галоўнага бухгалтара ДРБУ-131 атрымліваецца сумяшчаць з сямейнымі клопатамі. Канечне, ёсць некаторыя цяжкасці, але спраўляцца з імі дапамагаюць мая маці, любячы муж і ўсе родныя.

Хочацца, каб так было заўсёды, каб нашы дарагія сэрцу мужчыны заўсёды шанавалі і любілі нас, жанчын. Каб памяталі і ўдзялялі сваю ўвагу не толькі на свята 8 сакавіка, але і кожны дзень. А мы будзем удзячныя ім за велікадушнасць, самаахвярнасць, клопат і ўвагу, бо толькі на ўзаемапавазе і шчырай любові можна зберагчы шчырыя пачуцці, сям’ю — самае дарагое, што ёсць у чалавека.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика