По итогам областных творческих конкурсов в копилке воспитанников центра детей и молодёжи появилось немало наград
Падведзены вынікі адразу некалькіх творчых конкурсаў, што праводзяцца ў нашай краіне. Прыемна, што ў ліку прызёраў сёлета традыцыйна аказаліся і юныя ўшачане. Так, на абласным этапе ХХІІ рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнай творчасці “Калядная зорка” засвяціліся навучэнкі аб’яднання па інтэрасах “Залатая саломка” пры раённым цэнтры культуры і народнай творчасці Марыя Хамічонак, Дар’я Паршонак і Аліна Хамёнак (кіраўнік – Г.А.Бабянок). Маскі казы і мядзведзя, выкананыя ў тэхніцы саломапляцення, удастоены дыплома ІІ ступені.
Паспяховым аказалася выступленне выхаванак Ганны Аляксандраўны і на абласным этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Так, у вочным этапе творчага спаборніцтва Аліна Хамёнак і Яна Чапкевіч вырабілі прыгожы “Какошнік для Снягуркі”, чым запомніліся членам журы. Па выніках жа завочнага этапу ў намінацыі “Саламяны павук” работа дзяўчат удастоена дыплома ІІІ ступені. Не засталіся без заслужаных узнагарод фларыстычны калаж з бяросты ў выкананні Марыі Хамічонак і фларыстычная цацка ў выглядзе цэлай калекцыі птушак Беларусі Анастасіі Кляпец – дыпломы ІІ і ІІІ ступені адпаведна. Зрэшты, апошняя работа высока адзначана і на рэспубліканскім узроўні, а яе юнаму аўтару ўручаны дыплом ІІІ ступені Міністэрства адукацыі краіны. Не засталася “ў цені” і творчы кіраўнік дзяўчат – па выніках заключнага этапу выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія” Г.А.Бабянок узнагароджана дыпломам Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства ў намінацыі “Фларыстычны калаж”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.