Президент Беларуси ориентирует строительство на достижение положительной динамики
Прэзідэнт Беларусі арыентуе будаўніцтва, якое адносіцца да ліку ключавых галін і шмат у чым вызначае стан эканомікі, на дасягненне дадатнай дынамікі. Адпаведныя задачы паставіў 23 лістапада на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу Беларусі. У ліку найбольш важных пытанняў кіраўнік дзяржавы назваў цану, якасць і тэрміны будаўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пытанне якасці будаўніцтва не столькі ў так званай кадравай праблеме, а часта менавіта ў няўменні кіраваць арганізацыямі. Запатрабаваў растлумачыць, чаму зноў з'яўляюцца дамы, будаўніцтва якіх не завяршаецца ў тэрмін. Расказаў адзін з абуральных фактаў. Размова ішла аб будаўніцтве ў Мінску кватэр па прымальных цэнах, якімі ў далейшым павінны былі распараджацца гарадскія ўлады: або прадаваць па рыначным кошце, або прадастаўляць жыллё малазабяспечаным і шматдзетным сем’ям.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён тады прыняў рашэнне аб будаўніцтве па такой схеме. А нядаўна кіраўніку дзяржавы далажылі, што больш за 60 такіх кватэр, пабудаваных па цане, эквівалентнай $650, купілі нейкія дзялкі для далейшага перапродажу па рыначным кошце. "54 або 56 паспелі прадаць кватэр. А дзе старшыня гарвыканкама? Па-мойму, у Цэнтральным раёне гэта было. А дзе кіраўнікі гэтага раёна? Учора мной было прынята рашэнне: усіх да аднаго ў следчы ізалятар, надзець наручнікі, разабрацца і вярнуць грошы народу", — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць змякчэння адказнасці за карупцыйныя злачынствы. Убачыў пралаз, калі карупцыянераў за хабары і іншыя правапарушэнні пазбаўляюць волі, а праз некаторы час выпускаюць за добрыя паводзіны. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што наконт гэтага ўжо дадзены ўказанні: "За карупцыю толькі дабаўляць будзем. Трапілі ў турму на 20 гадоў — яшчэ 10 дабавім. Думайце, як жыць далей".
Са слоў Прэзідэнта, сфера будаўніцтва — своеасаблівы індыкатар, які адлюстроўвае дынаміку развіцця краіны. Аднак нягледзячы на шэраг прынятых рашэнняў, у гэтай галіне не ўдалося пераламаць негатыўную дынаміку.
— За мінулую пяцігодку зніжаны якасныя паказчыкі па ўсёй галіне. Зменшыўся яе ўклад у ВУП, дапушчана зніжэнне аб'ёмаў падрадных работ, узвядзення жылля, абвастраюцца праблемы неплацяжоў, пагаршаецца фінансавы стан будаўнічых арганізацый, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — З 2014 года аб'ёмы будаўніцтва пастаянна зніжаюцца — з амаль сямі мільёнаў квадратных метраў у 2010 годзе да амаль 4 млн м2 у 2017-м. І калі з агульнай чаргой у цэлым разабраліся і колькасць усіх маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў штогод зніжаецца, то чарга шматдзетных сем'яў бесперапынна расце. Радавацца б, бо вырашаем галоўную дэмаграфічную задачу. А мы людзям не можам на працягу года, як было прынята рашэнне, выдаць жыллё.
На пачатак 2018-га з 34 тысяч такіх сем'яў не накіраваны на будаўніцтва 25 тысяч, амаль сем тысяч чакаюць у чарзе больш за тры гады. Аляксандр Лукашэнка назваў такую сітуацыю недапушчальнай і паставіў задачу ўраду сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам павялічыць аб'ёмы будаўніцтва жылля для гэтай катэгорыі маючых патрэбу.
Важнейшым пытаннем Прэзідэнт назваў кошт узводзімага жылля. "Задачай урада застаецца захаванне формулы "адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай не вышэйшы за сярэднямесячную заработную плату". Пры гэтым папярэдзіў, што дасягненне ўзроўню заработнай платы ў памеры Br1 тыс. не азначае, што метр жылля аўтаматычна павінен каштаваць столькі ж.
Прэзідэнт адзначыў і марудныя тэмпы развіцця рынку арэнднага жылля. За шэсць гадоў яго ўведзена толькі 745 тысяч м2, што складае два з паловай працэнты ад агульнага аб'ёму. Як паказвае практыка, яно запатрабавана. Толькі ў Мінску на адну такую кватэру 150 і больш жадаючых.
Будаўніцтва арэнднага жылля таксама пасадзейнічае прыцягненню маладых спецыялістаў у малыя і сярэднія гарады. Пры гэтым найбольш актыўна трэба будаваць там, дзе ёсць перспектывы, развіваецца прамысловасць.
Прэзідэнт акцэнтуе ўвагу на неабходнасці лепшага планавання тэрыторый, каб малыя населеныя пункты сталі прывабнымі для жыцця. Запатрабаваў ад урада неадкладна пачаць выкананне прынятых рашэнняў па развіцці гарадоў-спадарожнікаў з павелічэннем аб'ёмаў будаўніцтва жылля. Акрамя таго, там адначасова трэба ствараць адпаведную інжынерна-транспартную і сацыяльную інфраструктуру.
Яшчэ адзін праблемны момант — гэта развіццё інфраструктуры ў раёнах, дзе вядзецца жылая забудова, у тым ліку індывідуальная. "Як правіла, не ў людзях праблема. Гэта мясцовыя ўлады не могуць забяспечыць будаўніцтва неабходнай інфраструктуры. Так быць не павінна!" — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што недалёка ад Мінска зямельныя ўчасткі набываюць, як правіла, не бедныя людзі. "Таму будаваць водаадвядзенне, водазабеспячэнне, лініі электраперадач, дарогі, газіфікаваць вы павінны разам з імі. Нельга ўсё будаваць толькі за кошт бюджэту. Так, перш як выводзіць людзей на нейкую карту для забудовы, трэба падзяліць на ўчасткі і падвесці дарогу, каб людзі або забудоўшчык маглі будаваць гэтыя дамы. А далей дамаўляйцеся з людзьмі", — сказаў Прэзідэнт.
"Апераджальнае будаўніцтва сетак і дарог для раёнаў жылой забудовы, у тым ліку індывідуальнай, — важнейшая задача для развіцця тэрыторый. Ураду з губернатарамі і банкамі неабходна вырашыць, дзе і на якіх умовах атрымаць для гэтага сродкі. З улікам суфінансавання з боку ўладальнікаў гэтых участкаў і дамоў", — даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт неаднойчы даручаў рэанімаваць перасоўныя механізаваныя калоны — важныя для раёнаў прадпрыемствы. Аднак большасць з іх сёння працуюць стратна, у асобных рэгіёнах іх наогул няма. Так, у Віцебскай і Гомельскай абласцях — па восем раёнаў без ПМК, у Гродзенскай — пяць, у Магілёўскай — два, у Брэсцкай і Мінскай — па адным. Пры гэтым у Гродзенскай вобласці 13 з 19 ПМК стратныя, у Мінскай — 10 з 21. На працягу 2019 года іх давядзецца адрадзіць у кожным раёне і зрабіць усё, каб працавалі эфектыўна. І ў першую чаргу вырашалі пытанні будаўніцтва і рамонту ў вёсцы.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў прэтэнзіі да якасці і тэрмінаў распрацоўкі дакументацыі. Заўважыў, што часта праектуюць не два-тры месяцы, а гады, у выніку чаго будаўніцтва даражэе. Цяпер у Беларусі ўзводзіцца каля васьмі тысяч аб'ектаў. З іх палова—з перавышэннем нарматыўнага тэрміну. І ў большасці выпадкаў прычынай становяцца бясконцыя карэкціроўкі праектаў. Пры гэтым праекціроўшчыкі не нясуць адказнасці за якасць дакументацыі і зусім забылі пра аўтарскі нагляд, адзначыў Прэзідэнт. «Яны самаўхіліліся, абвінавачваючы то заказчыка ў няправільным заданні, то будаўніка, які не зразумеў і няправільна ажыццявіў іх ідэю». Па адказнасці да праектантаў будуць выпрацаваны нормы і патрабаванні.
Акрамя таго, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, не трэба зацыклівацца на тыпавым праектаванні. Дзіцячыя сады, школы і іншыя сацыяльныя аб'екты павінны быць арыгінальнымі", — падкрэсліў Прэзідэнт. І паўтарыў, што ўсё павінна патанаць у зеляніне і кветках.
Важнейшыя задачы галіны — захоўваць і развіваць кадравы патэнцыял. Ідзе сур'ёзны адток спецыялістаў. За пяць гадоў галіна страціла больш за 50 тысяч лепшых рабочых. Яны едуць на заробкі за мяжу. Таму кіраўнік дзяржавы спытаў, чаму ў краіне створаны розныя ўмовы па аплаце працы ў Мінску і рэгіёнах. Запатрабаваў спыніць гэту дыскрымінацыю.
"Перастаньце плакаць пра недахоп добрых спецыялістаў. Шлях адзін — плаціце ім нармальна. Скараціце на 1,5-2 працэнты сабекошт па іншых артыкулах і аддайце гэтыя грошы будаўнікам. Іншага шляху няма", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што час не стаіць на месцы, і патрабаванні да будаўнічай галіны з кожным годам будуць толькі ўзрастаць, таму неабходна рухацца наперад.
Адпаведная база падрыхтавана, трэба толькі разумна і з усёй адказнасцю выкарыстоўваць магчымасці.
Фота для ілюстрацыі з інтэрнэта.