Сустрэча з жыхарамі вёсак Нястанішкі і Расла
Вяскоўцы, пераважная большасць якіх пенсіянеры, задаволены сацыяльным і медыцынскім абслугоўваннем, работай “бытоўкі”, аўтамагазіна. А вось мабільная сувязь жадае быць лепшай: з вышкі дрэнна даходзіць сігнал. Непакоіць іх і тое, што калі па нейкай прычыне адключыцца электрычнасць, то ў выпадку неабходнасці нельга будзе выклікаць экстраную службу, паколькі стацыянарныя тэлефоны, напрыклад, з вызначальнікам нумара, падключаны не толькі да сеткі сувязі, але і электрасеткі.
Сустрэча з жыхарамі вёскі Расла адбылася падчас прыезду ў гэты населены пункт аўтамагазіна. Людзі сабраліся, каб купіць харчовыя прадукты. Адна пакупніца паскардзілася на тое, што тавары мясцовага філіяла аблспажыўтаварыства каштуюць даражэй за такія ж, якія прывозяць у вёску аўталаўкі іншых гандлёвых прадпрыемстваў.
Па ўзнятых вяскоўцамі пытаннях старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч паабяцаў пагутарыць з кіраўнікамі адпаведных службаў.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.