Убрана – 2850 га
Намалочана – 8560 тон
Ураджайнасць – 30 ц/га
СВК “Фядорскі” на працягу дзесяцігоддзяў – волат сельскай гаспадаркі рэспубліканскага ўзроўню.
Многія раўняюцца на гэты кааператыў па многіх паказчыках. У тым ліку і па збожжы. Калі па сярэдняй ураджайнасці гаспадарка не задае тон, то бярэ гэта валам збожжа. У гэтым годзе работнікі СВК “Фядорскі” намалацілі больш за восем з паловай тысяч тон. І гэта зразумела – такіх плошчаў няма ні ў адной гаспадаркі – амаль тры тысячы гектараў. Канешне, восем з паловай тысяч тон атрыманага збожжа – не той паказчык, да якога прызвычаіліся ў СВК “Фядорскі”. У лепшыя гады гэтая лічба была каля 14,5 тысячы тон.
Памеры і размах гаспадаркі дазваляюць калі не бязбольна, то не крытычна перажываць наступствы надвор’я. Але, будзем прадказальны, у далейшым СВК “Фядорскі” падраўняе свае страты і будзе ставіць новыя рэкорды.
У гэтым годзе на жніве выдзеліўся экіпаж камбайнераў у складзе Дзмітрыя Аляксандравіча Макарушкі і Сяргея Андрэевіча Дворака, якія на камбайне “МЕГА-35“ убралі 349 га і намалацілі 1080 тон.
Вялікія аб’ёмы збожжа перапрацавалі аператары ЗСК-40 Рыгор Рыгоравіч Лузько і Яўген Сцяпанавіч Савецкі. Падчас жніва праз іх устаноўку, якая, дарэчы, такая адзіная ў раёне, прайшло 5144 тоны збожжа.
– Толькі ўявіце – за адну гадзіну зернесушыльны комплекс можа перапрацаваць 40 тон збожжа. Агрэгат зараз працуе на прыродным газу і за 16 гадзін (менавіта столькі працягваецца сутачная змена) ужывае 2500-3000 метраў кубічных паліва.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара