Дзяўчыну са Смаргоні асудзілі за распаўсюд у інтэрнэце інтымных фота сяброўкі
Фота: tsn.ua
Пакрыўджаная на сяброўку дзяўчына выклала ў сеціва інтымныя фотаздымкі са скрыншотамі дыялогаў, каментароў і атрымала за гэта тэрмін. Прысуд вынес суд Смаргонскага раёна 27 чэрвеня. Абвінавачванай прысудзілі 1 год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 1 год. Увесь гэты час дзяўчына абавязана не пакідаць месца жыхарства, а таксама двойчы на месяц адзначацца ў міліцыі.
Дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе падтрымаў памочнік пракурора Смаргонскага раёна Даніла Тарыма. Паводле яго слоў, удзельніцы канфлікту — сяброўкі і равесніцы. Аднаго разу пацярпелая была ў гасцях у абвінавачанай і засталася начаваць. У госці разрадзіўся акумулятар мабільнага тэлефона, яна папрасіла сяброўку пазычыць свой тэлефон, каб залезці ў сацыяльныя сеткі. Раніцай адправілася дадому, забыўшыся выйсці з акаўнта.
Памочнік пракурора распавёў, што абвінавачаная ўбачыла на адкрытай старонцы сяброўкі непрыемную інфармацыю пра сябе, пакрыўдзілася і вырашыла адпомсціць. Яна зрабіла скрыншоты дыялогаў і каментароў, скачала інтымныя фотаздымкі госці, а пазней стварыла фэйкавую старонку і адправіла праз яе сябрам і знаёмым кампрамат.
Сябры, якія атрымалі паведамленні, распавялі пра гэта пацярпелай — тая напісала заяву ў міліцыю.
Крымінальная справа расследавана па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:
— другая частка артыкула 349 "Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі асобай, якая мае доступ да камп’ютарнай сістэмы або сеціва";
— артыкул 352 "Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй".
Максімальнае пакаранне па кожным з абвінавачванняў — да двух гадоў пазбаўлення волі.
Прысуд пакуль не набыў законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Гродзенскім абласным судзе ва ўстаноўленым парадку, паведамляе kraj.by.