Лепш не ўспамінаць
Паслязаўтра споўніцца 100 гадоў жыхару вёскі Кейзікі Варапаеўскага сельсавета Івану Паўлавічу Бараноўскаму. Напярэдадні даты я сустрэлася з ветэранам вайны і працы.
— Мне было 23 гады, калі грымнула Вялікая Айчынная, — гаварыў чалавек. — Яна пачалася якраз у дзень майго нараджэння. Колькі прыйшлося перажыць! Пра вайну лепш не ўспамінаць, бо да гэтага часу надта балюча.
Бачна, што ветэрану сапраўды цяжка гаварыць пра тое ліхалецце. Ён праводзіць рукой па твары, стомлена прыкрывае вочы, нібыта адганяючы цяжкія ўспаміны, а расказ працягвае яго дачка Ганна: «Тата толькі ажаніўся, і яму прыйшлося расстацца з любай жонкай і пайсці ў 43-ім на фронт. Быў зенітчыкам-наводчыкам, мае баявыя ўзнагароды. Яго імя занесена ў кнігу «Памяць. Пастаўскі раён». Родную вёску Кейзікі фашысты спалілі дашчэнту. Пасля вайны ўсё давялося пачынаць занава».
Адбудоўвалі разбуранае вайной жыццё, нараджалі дзяцей, не скардзіліся на цяжкасці, а пераадольвалі іх. Вось і сям’я Бараноўскіх год за годам усё больш убіралася ў сілу і з цягам часу стала самай заможнай у Кейзіках. Купілі матацыкл, потым машыну, тэлевізар, прычым першымі ў вёсцы. Іван Паўлавіч 30 гадоў адпрацаваў у Варапаеўскім лясніцтве трактарыстам і зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Няблага зарабляў, трымалі вялікае асабістае падвор’е. А як інакш? Трэба ж было ставіць на ногі чацвярых дзяцей. Дарэчы, яны таксама раслі працавітымі. А калі выраслі, бацькам выпала нядоля перажыць смерць дваіх. Сын Міхаіл трагічна загінуў у 33 гады, зямны шлях дачкі Ніны завяршыўся на 51-ым годзе жыцця. Яшчэ адна, Люда, жыве ў Сянно. Усе клопаты пра састарэлага бацьку ўзяла на сябе Аня. 10 гадоў назад, калі не стала маці, перасяліла яго ў свой дом, і з таго часу яна заўсёды побач. Шэсць гадоў назад бацька зламаў шыйку сцягна і застаўся інвалідам першай групы, таму без догляду дачкі не можа абысціся ні дня.
— Прыходзяць і дзеці, унукі, — дзялілася Ганна Іванаўна. — Нам прызначылі сацыяльнага работніка. Таццяна Лапко наведваецца да нас штодня і дапамагае ва ўсім. Раз у месяц прыходзіць участковы урач. Нядаўна тата крыху прастудзіўся, то выклікалі доктара, і яго назначэнні дапамаглі, зараз адчувае сябе лепш. Вельмі ўдзячныя былому і цяперашняму кіраўніцтву Варапаеўскага лясніцтва. Ужо не адзін дзясятак гадоў мінуў, як тата выйшаў на пенсію, а яго там памятаюць. У канторы вісіць фотаздымак. Штогод да Дня Перамогі, Дня пажылых людзей, Новага года і іншых свят прывозяць падарункі. Не маем мы клопатаў і з дрывамі. Не сумняваюся, што наведаюцца з лясніцтва і на 100-гадовы юбілей. Абавязкова прыедзе з Сянно сястра Люда з дзецьмі і ўнукамі, прыйдуць мае. Так што гасцей збярэцца шмат.
Перад паездкай да ветэрана я зайшла ў «Аднакласніках» на старонку яго ўнучкі Юліі Бараноўскай, якая жыве ў Варапаеве, і ўбачыла фотаздымак яе дзядулі. Подпіс пад ім зроблены год назад: «22 чэрвеня нарадзіўся гэты цудоўны чалавек — Іван Паўлавіч Бараноўскі. Яму сёння 99 гадоў. Ён быў на вайне і падарыў нам мір. Мы ганарымся ім і жадаем здароўя і шчасця». Хіба не радасна чытаць такія запісы?
Дрэва жыцця Бараноўскіх разгалінавалася шырока. Іван Паўлавіч мае 11унукаў і 16 праўнукаў. І хаця яго цяперашняя прастора абмяжоўваецца пакоем, акном ды радыёпрыёмнікам, цікавасці да жыцця не страціў. «На той свет заўсёды паспею, — казаў. — Мой дзед дажыў да 113-ці.»
Дык чаму б не раўняцца на продка?
Тэкст і фота Фаіны КасаткінаЙ