Як стараста вёскі Знаменка Брэсцкага раёна будуе царкву і мяняе сваю вёску да лепшага

Источник материала:  
29.05.2018 06:46 — Разное

Ёсць такія людзі. Неабыякавая, дзейныя. Многія іх лічаць дзівакамі, але ж яны сваёй няўрымслівасцю мяняюць жыццё і свет навокал да лепшага. Спытаеш — а яно табе трэба? І пачуеш у адказ сотні аргументаў, чаму так. Стараста вёскі Знаменка Брэсцкага раёна Васіль Герасімук — якраз з такіх. Ён нарадзіўся ў Знаменцы, вучыўся ў мясцовай школе, вярнуўся на малую радзіму пасля службы ў арміі. Ужо 27 год працуе кантралёрам у Брэсцкім рачным порце. Палову гэтага часу сумяшчае асноўную працу з грамадскай нагрузкай. Яна патрабуе шмат часу і сіл. Але, здаецца, Васіль Іванавіч не ведае стомы. Ён абсалютна шчаслівы чалавек.

Як стараста вёскі Знаменка Брэсцкага раёна будуе царкву і мяняе сваю вёску да лепшага

Людзі падыходзяць, расказваюць пра свае праблемы, нешта раяць. Васіль Іванавіч усе просьбы і прапановы запісвае ў адмысловы блакнот.

Сцiплы чалавек

Мы сустракаемся каля крамы ў суседняй вёсцы Медна. Нават тут Герасімука добра ведаюць. Жанчыны прыязна ўсміхаюцца, мужыкі паціскаюць руку. На парозе да старасты падыходзіць 85-гадовая баба Сіма — Серафіма Лявонцьеўна Станчук. Абмеркаваўшы са старастам апошнія вясковыя навіны, бабуля звяртаецца да мяне: 

— От, ведаеце, да Васіля ў мяне асаблівае стаўленне. Залаты чалавек! Ён мне так дапамог… Плот зусім паваліўся, а я адна жыву, блізкіх не засталося. Хто ж бабулі дапаможа? Дык Васіль з кіраўніком сельсавета арганізавалі нейкіх хлопцаў, прывезлі новы штыкетнік і за два дні абгарадзілі двор. Я потым Васіля карпамі хацела аддзячыць, дык ён не ўзяў. Сціплы.

Па дарозе ў Знаменку стараста ўспамінае, як усім светам дапамаглі адзінокай бабулі: 

— Плот у Серафімы Лявонцьеўны сапраўды быў вельмі стары, стаяў на падпорках. А хто ёй дапаможа акрамя мясцовай улады? З кіраўніком сельвыканкама Сяргеем Галавенкам падумалі, што можна зрабіць. Ён дамовіўся з лясніцтвам наконт штыкетніка, а я паехаў на бераг возера, дзе ў той час знаходзіліся хлопцы з патрыятычнага лагера. Яны ахвотна згадзіліся дапамагчы. Добрым людзям на добрую справу не шкада ні сіл, ні часу.

Як стараста вёскі Знаменка Брэсцкага раёна будуе царкву і мяняе сваю вёску да лепшага

У аграгарадку Знаменка адбылося асвячэнне крыжа на месцы храму, які будуецца ў гонар іконы Прасвятой Багародзіцы «Знаменне». ФОТА EKKLISIA.BY

Вакол Знаменкi на веласiпедзе

Знаменка — вялікая, утульная вёска. На ўскрайку расце новы раён — амаль восем дзясяткаў прыватных дамоў. Многія мясцовыя жыхары працуюць на птушкафабрыках у Медна і Камароўцы, некаторыя штодня ездзяць на работу ў Брэст. Васіль Іванавіч ведае, што трэба рабіць, каб вёска і далей развівалася:

— Па-першае, трэба пабудаваць спартыўны зал для нашых школьнікаў. Па-другое, мясцовым жыхарам вельмі не хапае вадаёма, зоны адпачынку. Думаю, што Знаменцы ўжо патрэбны вялікі, прыстойны магазін. Трэба прывабіць нейкую гандлёвую сетку. Як думаеце, гэта рэальна?

Калі трэба ехаць на працу ў порт (там Васіль Іванавіч працуе пазменна), стараста садзіцца на свой веласіпед і аб’язджае вёску. Абавязкова заходзіць да старшыні сельвыканкама, размаўляе з людзьмі, правярае, ці падтрымліваецца парадак на мясцовых могілках. Цягнік, на якім Герасімук ездзіць у абласны цэнтр, — таксама працоўнае места. Людзі падыходзяць, расказваюць пра свае праблемы, нешта раяць. Васіль Іванавіч усе просьбы і прапановы запісвае ў адмысловы блакнот.

Мабiльны тэлефон старасты амаль што не змаўкае. Зараз галоўная задача — пасадзіць вяскоўцам бульбу. Інвалідам, адзінокім старым, удзельнікам вайны — бясплатна. Усяго на тэрыторыі сельсавета такіх 40 чалавек. Да гэтых людзей у старасты стаўленне асаблівае. Разам з супрацоўнікамі сельскага клуба ён арганізоўвае «аганькі» для ветэранаў, віншаванні юбіляраў, штогод — свята вёскі. Не засумуеш. Цікаўлюся ў Васіля Іванавіча, колькі ён грошай атрымлівае за сваю работу. Аказваецца, амаль што нічога — 80 рублёў за тры месяцы. Хапае якраз на аплату тэлефонных размоў:

— Грошы тут зусім ні пры чым. Граматы, дыпломы, іншыя ўнагароды таксама. Я проста люблю гэтае жыццё, люблю дапамагаць людзям. Мабыць, гэта і ёсць маё хобі. Неяк купіў сабе вуду — дык нават ні разу на рыбалку не схадзіў. На гэта проста не стае часу. 

«Любоў да малой радзімы — гэта канкрэтныя справы»

У цэнтры вёскі — вялікая пустка. Хутка тут пачнецца будаўніцтва царквы. Васіль Герасімук — старшыня парафіяльнага савета. Два гады займаўся афармленнем неабходных для будаўніцтва дакументаў: дазволаў, узгадненняў і гэтак далей: 

— Людзі папрасілі ўзначаліць гэтую работу, а як я мог адмовіць? Згадзіўся, хаця добра ведаў, на што іду. Вось правялі тут суботнік, зараз дзялянка ў больш-менш прыстойным стане. Ужо асвяцілі крыж. Хутка пачнём будаўніцтва.

На пляцоўцы нацягнуты шнур — тут і будзе стаяць царква. Васіль Іванавіч праводзіць экскурсію: вось тут будзе іконная крама, тут — царкоўная школка. Грошы на будаўніцтва вяскоўцы ахвяруюць ахвотна: ужо сабралі больш за 15 тысяч рублёў. Не застаюцца ў баку і мясцовыя прадпрыемствы. 

У Васіля Герасімука зноў трызвоніць тэлефон. Сатараста дастае свой блакнот, запісвае ці то просьбу, ці то скаргу. Абяцае разабрацца і даць адказ на працягу гадзіны. Скончыўшы размову, каменціруе:

— Як правіла, у людзей адны і тыя ж праблемы: трэба падсыпаць дарогу, прыбраць старое дрэва, дзесьці не працуе ліхтар вулічнага асвятлення. Добра, што ў нашых электрасетках, ЖКГ, дарожнай службе працуюць адказныя людзі, якія стараюцца аператыўна вырашаць узнікшыя праблемы. 

Каля пляцоўкі, на якой хутка пачнецца будаўніцтва царквы, стаіць белы абеліск. На гранітных плітах — імёны і прозвішчы 36 байцоў, якія загінулі падчас апошняй вайны. Нядаўна тут пахавалі яшчэ аднаго чырвонаармейца. Астанкі знайшлі ў суседнім лесе. 

Да абеліска вядзе Алея славы. 37 дрэў пасадзілі зусім нядаўна — напярэдадні 9 Мая. Стараста даглядае, палівае маладыя дрэўцы: 

— Любоў да малой радзімы — гэта не прыгожыя словы, а канкрэтныя справы. Мне хочацца нешта рабіць для землякоў, для роднай вёскі. На гэтым свеце мы не вечныя, трэба штосьці пакінуць пасля сябе. Ды і дзяцей, унукаў лепш выхоўваць не словам, а ўласным прыкладам.

←Кот выдал хозяина-неплательщика приставам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика