Кіроўца, які загінуў у ДТЗ у Мінску, планаваў прадаць сваё аўто
22.05.2018 15:20
—
Разное
Фота: sk.gov.by
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу з нагоды ДТЗ са смяротным вынікам, якое адбылося зранку 22 траўня на Партызанскім праспекце ў Мінску. Як паведамляла Еўрарадыё, кіроўца "Нісана", які выязджаў на праспект, трапіў пад "МАЗ".
Пры аўтаварыі 33-гадовы кіроўца легкавіка загінуў на месцы. 21-гадовы кіроўца "МАЗа" не пацярпеў.
Як высветліла Еўрарадыё, кіроўца "Нісана" меркаваў прадаць сваё аўто і размяшчаў адпаведныя абвесткі на спецыялізаваных сайтах. Загінулага кіроўцу клікалі Аляксандр, у яго засталіся двое малых дзяцей. Ён паведамляў, што ў адпачынку па доглядзе за дзіцем знаходзіцца ён сам, а не жонка. На момант ДТЗ дзяцей у аўтамабілі не было.