Калейдаскоп падзей і перамог
Багатай на падзеі, уражанні і ўзнагароды аказалася для навучэнцаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза сёлетняя вясна.
17 сакавіка ў Наваполацку адбыўся фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі «Натхненне», які праводзіў мясцовы музычны каледж сярод навучэнцаў школ мастацтваў Полацка, Наваполацка і полацкага рэгіёна. Удзел у ім прымалі шасцёра пастаўчан. І ўсе вярнуліся дамоў з дыпломамі. Так, трэцяе месца ў малодшай групе, у катэгорыі да 8 гадоў, заняла Аня Колесень. У катэгорыі да 10 гадоў у гэтай жа групе другое месца ў Дашы Гатоўчык і Вары Тамілінай, трэцяе — у Нікі Шалкоўскай. У сярэдняй групе дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджана Ксенія Каравацкая, у старэйшай — дыпломам другой ступені — Віталія Гіль. Педагогамі гэтых дзяцей з’яўляюцца В. У. Іванова, Н. Р. Хромава, В. Р. Таміліна і К. Б. Мейшутовіч.
* * *
З 19 па 21 красавіка ў Смаленску праходзіў IV Міжнародны конкурс вакальна-інструментальнай творчасці «Слаўся, Глінка!», які сабраў удзельнікаў з Расіі і Беларусі. Нашу краіну ў ліку іншых выканаўцаў прадстаўляў вакальны ансамбль «Сугучча» ў складзе Каці Таразевіч, Ані Вяршынінай, Насці Врублеўскай, Ані Казак, Арцёма Маргунова, Івара Гінько, Златы Колесень і Вікі Галатылец. Кіруе калектывам В. У. Касарэўская, а акампаніятарам на конкурсе выступіла Н. С. Белікава. «Сугучча» выконвала тры песні — рускую народную «Скоморошина», «В чистом поле дуб стоит» на музыку А. Грачанінава і «Клён» беларускага кампазітара А. Атрашкевіч — і так спадабалася журы, што яно прысудзіла ансамблю з Пастаў першае месца. Узнагародай за перамогу сталі Ганаровы дыплом і Кубак.
* * *
У канцы красавіка завяршыўся VIII Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І. І. Жыновіча. Праводзіцца ён раз у тры гады і праходзіць у некалькі этапаў: спачатку адборачны ў школах, затым для заходніх раёнаў Віцебшчыны занальны ў Наваполацку, пасля — абласны ў Віцебску і заключны ў Мінску. Пастаўчане ўдзельнічаюць у гэтым музычным спаборніцтве пастаянна і штораз даходзяць да фіналу. Вось і сёлета на «рэспубліку» прайшлі трое прадстаўнікоў нашага раёна: баяніст Саша Іжмайловіч і цымбалістка Александрыя Хромава з Пастаўскай ДШМ, а таксама акардэаністка з Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў Віка Гірсёнак.
Усе выступілі вельмі годна, а найлепш — Александрыя Хромава, якая стала лаўрэатам трэцяй ступені ў малодшай узроставай катэгорыі (да 12 гадоў). Дзяўчынка атрымала дыплом і грашовую прэмію. Дыпломамі за высокае педагагічнае і выканальніцкае майстэрства адзначаны таксама яе выкладчык па класе цымбалаў Г. Э. Барысюк і канцэртмайстар В. У. Іванова.
* * *
26 красавіка па запрашэнні літоўскага боку ансамбль танца «Пралескі» пад кіраўніцтвам А. П. Логінавай адправіўся ў суседні Швянчоніс на міжнародны танцавальны фестываль «Перкунасские глаза-2018». Ён праходзіў у гарадскім культурным цэнтры, куды з’ехаліся амаль 20 калектываў з Літвы, Латвіі, Эстоніі і Беларусі. Пастаўскія танцоры былі самымі юнымі ўдзельнікамі фестывалю. Тым не менш іх выступленне вельмі спадабалася гаспадарам. Па-першае, таму, што яны выконвалі не сучасныя, як пераважная большасць калектываў, а народныя танцы (два рускія і адзін беларускі). А па-другое, ніхто не чакаў ад 8-10-гадовых дзяцей такога прафесіяналізму. Дамоў «Пралескі» вярнуліся з граматай, Кубкам і невялікімі сувенірамі ад арганізатараў.
Алена ШАПАВАЛАВА