Миорский межрайонный отдел Государственного комитета судебных экспертиз отмечает профессиональную дату
Згодна з указам Прэзідэнта ад 12.03.2018 года, дата 22 красавіка вызначана прафесійным святам — Днём судовага эксперта. Пяць год таму ў гэты дзень быў падпісаны Указ “Аб утварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь”.
Работа ў судовых экспертаў асаблівая. Маюць справу з тым, ад чаго многія страчваюць прытомнасць. Працуюць на месцах злачынстваў, дапамагаюць вызначыць абставіны і выйсці на след зламыснікаў, устанаўліваюць прычыны смерці людзей, вывучаюць пабоі і раны на целе жывых. Ад заключэння экспертаў у многім залежыць, якое пакаранне панясе злачынца.
Важкае слова эксперта
СТРУКТУРНАЕ падраздзяленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (ДКСЭ) — Міёрскі міжраённы аддзел. Дзейнічае на тэрыторыі Міёрскага і Верхнядзвінскага раёнаў і складаецца з двух экспертна-крыміналістычных і двух сектараў судова-медыцынскіх экспертыз.
Чым займаюцца спецыялісты аддзела. Па пастановах з мясцовых падраздзяленняў Следчага камітэта або раённых аддзелаў унутраных спраў, па вызначэнні суда праводзяць судова-медыцынскія і крыміналістычныя экспертызы. На платнай аснове — па зваротах грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асоб. Ажыццяўляюць нагляд за якасцю аказання медыцынскай дапамогі ўстановамі аховы здароўя. Выязджаюць на месцы здарэнняў, дапамагаюць следчым.
З ДНЯ ўтварэння Міёрскага міжраённага аддзела ДКСЭ яго ўзначальвае падпалкоўнік юстыцыі Міхаіл Закрэўскі. Раней праходзіў службу ў экспертна-крыміналістычным падраздзяленні РАУС. Капітан юстыцыі Сяргей Багдановіч працаваў у сістэме Упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці. З 2014 года заняты крыміналістычнымі экспертызамі ў экспертна-крыміналістычным сектары ў Міёрах. На месцы злачынстваў старшы эксперт здымае адбіткі пальцаў, вызначае, якім чынам зламалі дзвярны замок, вывучае адбіткі абутку, малюнкі аўтамабільных шын і іншае. Чым хутчэй і дакладней зробіць вывады, тым менш шанцаў у зламысніка застацца невядомым.
Будні ў гумовых пальчатках
СЕКТАР судова-медыцынскіх экспертыз па Міёрскім раёне размяшчаецца ў аднапавярховым будынку на тэрыторыі раённай бальніцы. Спецыялісты вывучаюць гематомы і раны на целе пацярпелых ад хуліганаў ці хатніх тыранаў, праводзяць судова-медыцынскія даследаванні трупаў. Іх рабочыя інструменты—рукі ў гумовых пальчатках, металічная лінейка і ўпакоўкі офіснай паперы.
— Напрыклад, прыводзяць жанчыну, якую пабіў муж ці сужыцель. Бяру лінейку і вымяраю межы крывападцёкаў. Калі на целе ёсць раны, трэба вызначыць іх краі і глыбіню. Усё гэта фіксуе на паперы лабарант. Вызначаю механізм нанясення цялесных пашкоджанняў, ступень іх цяжкасці,—расказвае пра будзённыя справы начальнік сектара, дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Ніямаддзін Асланаў. — Выязджаю на месцы здарэнняў з гібеллю людзей. Трэба ўстанавіць прычыну і час смерці. Апошняе толькі ў кіно вызначаюць да хвіліны. На справе лічым гадзіны.
Ніямаддзін Фуад аглы — самы малады супрацоўнік сектара. Родам з Азербайджана, вучыўся ў Віцебскім медыцынскім універсітэце. Стажыраваўся ў Мінску, працаваў у Наваполацку, апошнія паўгода — у Міёрах. Сваю справу не лічыць незвычайнай. Трэба ставіцца да яе як да службовых абавязкаў і выконваць якасна.
ТАКОЙ думкі прытрымліваюцца лабарант Святлана Стома і санітары морга Вольга Малеева і Вольга Кашыра. Ва ўсіх працоўны стаж налічвае 12-13 год. Святлана Анатольеўна пачынала ў Дзяржаўнай службе медыцынскіх судовых экспертыз. З утварэннем камітэта судовых экспертыз абавязкі не змяніліся.
— Часцей абследуем ахвяр сямейнага гвалту. Пасля святаў і выхадных зваротаў больш, — гаворыць Святлана Стома. — Судова-медыцынскае даследаванне трупаў праводзіцца, калі невядомы абставіны смерці ці яна была гвалтоўнай. Гэта значыць забойства, самазабойства ці няшчасны выпадак.
Для сябе лабарант вядзе ўлік. Напрыклад, ў 2016 годзе правялі 75 экспертыз у адносінах да пацярпелых і 23 судова-медыцынскія даследаванні трупаў. У 2017-м — 153 і 43 адпаведна. Сёлета за першыя тры месяцы — 27 і 16. За апошнія два гады рэгістравалі па два выпадкі атручвання этылавым спіртам, сёлета іх ужо два.
ПРА сваю работу супрацоўнікі сектара судова-медыцынскіх экспертыз гавораць лёгка, нібы пераказваюць кінасюжэт.
Спецыфіка дзейнасці не заганяе ў дэпрэсію і не ўплывае на пазітыўны лад мыслення. Для таго трэба валодаць псіхалагічнай устойлівасцю і ўмець абстрагавацца ад абставін. Гэта важныя прафесійныя якасці для работнікаў падраздзяленняў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. У тым ліку і для вадзіцеля Віктара Грыгор’ева. Ён аператыўна дастаўляе супрацоўнікаў на месцы здарэнняў і на адрасы службовых камандзіровак, выконвае шэраг гаспадарчых спраў.
— Кожны супрацоўнік Міёрскага міжраённага аддзела ДКСЭ уносіць важны ўклад у агульную справу, узорна выконвае службовыя абавязкі, — гаворыць начальнік Міхаіл Закрэўскі. — Напярэдадні прафесійнага свята выказваю ўсім удзячнасць за працу і жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, запасу цярплівасці і пазітыўнага настрою.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Міёрскім
міжраённым аддзелам ДКСЭ.