Са здзіўленнем гляджу на лялькі, якія стварае кіраўнік гуртка “Творчая майстэрня “Залатыя ручкі” пры Красненскім Доме культуры Наталля Жук, і адразу не магу здагадацца, з чаго яны зроблены. На першы погляд яны здаюцца фарфоравымі. На самой жа справе для вырабу гэтых твораў мастацтва, а інакш іх не назавеш, неабходны звычайныя капрон, сінтэпон, ніткі, іголка і натхненне, без якога, па словах майстрыхі, і брацца за справу няма сэнсу.
Для стварэння лялечных шэдэўраў Наталля карыстаецца скульптурна-панчошнай тэхнікай, якая патрабуе пэўных ведаў і навыкаў. Іх жанчына засвойвае падчас ан-лайн курсаў і майстар-класаў, якія праводзяць вядомыя выкладчыкі Алена Лаўрэнцьева, Алена Валадкевіч, Алена Сухарукава. Асноўныя ж сакрэты падказала само жыццё і асабістае ўяўленне.
– Асноўным матэрыялам для маіх работ з’яўляецца капрон. Я аддаю перавагу калготкам Брэсцкага панчошнага камбіната, якія спецыяльна купляю ў магазіне. Спосабаў адбяліць матэрыял шмат, але я карыстаюся экалагічна чыстым варыянтам: на паўлітра вады бяру 10 таблетак актываванага вугалю, на 15 хвілін апускаю капрон, потым прамываю ў чыстай вадзе, і матэрыял становіцца амаль белага колеру. Як бы дзіўна гэта не гучала, але яно сапраўды так, праверана на асабістым вопыце, – дзеліцца жанчына.
Каб творчая фантазія майстрыхі стала рэальнасцю, неабходна не адна гадзіна. Першапачаткова Наталля бярэ ў рукі круглую нарыхтоўку. Потым спецыяльным метадам пры дапамозе іголкі з ніткай робіць уцяжкі, прымацоўвае фурнітуру: вочы, пушыстыя вейкі, нос. І вось на вас глядзіць мілавідны твар будучай лялькі: анёлачка альбо снегавіка, дамавічка альбо гноміка. Увогуле, усе работы Наталлі атрымліваюцца добрымі і пазітыўнымі, нават лялечны павук і таракан, якіх планавалася зрабіць адмоўнымі персанажамі, атрымаліся з дабрадушнымі ўсмешкамі на тварах. А залежыць усё ад унутранага стану самой майстрыхі, якая толькі з пазітыўнымі думкамі прыступае да работы.
– Шчыра прызнаюся, бываюць у мяне творчыя крызісы, калі хочацца зрабіць аўтарскую работу, але ідэй няма. Тады на дапамогу прыходзіць муж Андрэй, які поўнасцю падтрымлівае мяне ва ўсіх пачынаннях і часта з’яўляецца генератарам новых вобразаў, – адзначае Наталля Жук. – Так, аднойчы ён прынёс мне вырабленую ім на станку па дрэве невялічкую сякеру, якая адразу натхніла мяне. У выніку з’явіўся дзед у нацыянальнай вопратцы і саламяным капелюшы, які ў якасці прэзента адправіўся ў Польшчу. 23 лялечныя анёлачкі таксама радуюць рабят адной з польскіх дзіцячых музычных школ, якія я за чатыры дні зрабіла на заказ. Акрамя таго, шмат маіх работ можна знайсці па ўсёй Беларусі.
Майстрыха прызнаецца, што займацца любімай справай атрымліваецца ў асноўным позна вечарам альбо ноччу, калі зроблены ўсе хатнія справы і дагледжана гаспадарка, вывучаны ўрокі з сярэдняй дачкой Яўгеніяй.
– Калі ўсе мае дамачадцы спяць, тады я магу поўнасцю аддацца творчасці. Безумоўна, фізічная стомленасць сказваецца, баляць спіна і шыя, але ўнутраная асалода перамагае, – дзеліцца Наталля.
Творчыя задаткі майстрыхі праявіліся яшчэ ў дзяцінстве: дзяўчынка любіла маляваць і вышываць. Да таго ж, бабуля і мама Наталлі выдатна вязалі.
Наталля Жук рэалізавала сябе не толькі як творчая асоба, але таксама як клапатлівая маці і жонка. Цеплыня і любоў зыходзяць ад жанчыны, калі яна расказвае пра траіх дзяцей Нінэль, Яўгенію, Багдана і мужа Андрэя.
– Нінэль вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы на повара-кандытара, – расказвае шматдзетная маці.– Гэта яе справа, якой яна займаецца з вялікім задавальненнем. Калі Нінэль прыязджае дадому на выхадныя, тады яна становіцца нашых хатнім шэф-поварам і гатуе такія стравы, ад якіх адарвацца немагчыма. Сярэдняя дачка Яўгенія вельмі творчая дзяўчынка і падзяляе маё лялечнае захапленне. У яе ўжо ёсць свае матэрыялы, асабістыя ідэі і першыя творчыя работы. З малодшым Багданам мы знайшлі агульны занятак – гульню ў шахматы. Муж таксама праявіў інтарэс, менавіта так з’явілася наша сямейнае хобі. Увечары абавязкова згуляем партыю-другую.
Увогуле, Наталля ўпэўнена ў тым, што ў кожнай сям’і павінны быць тыя агульныя заняткі, якія аб’ядноўваюць блізкіх людзей. Адным з хобі сям’і Жук з’яўляецца рыбалка. Спачатку на рыбалку хадзіў толькі муж Андрэй, пазней да яго далучылася Наталля.
– Навошта сядзець дома і хвалявацца, дзе твой муж. Самае лепшае выйсце – узяць вуду і пайсці разам з ім. Мой найвялікшы трафей, які мне давялося злавіць, – шчупак вагой больш чатырох кілаграмаў. На ўспамін застаўся толькі шыкоўны фотаздымак, бо ўвесь улоў мы адразу адпускаем назад у рэчку альбо возера, – дзеліцца жанчына.
Год таму Наталля Жук зарэгістравалася ў якасці рамесніка на тэрыторыі Карэліцкага раёна. Яе работы можна набыць не толькі на выставах-продажах у Карэліцкім раёне, але ў г. Нясвіжы, а таксама праз інтэрнэт, дзе ёсць афіцыйная старонка майстрыхі і кожны жадаючы можа пазнаёміцца з творчасцю Наталлі, а таксама заказаць любую работу.
– У планах добра папрацаваць у бягучым годзе і ў наступным красавіку прыняць удзел у традыцыйнай ярмарцы рамеснікаў “Казюкі”, якая праводзіцца штогод у г. Гродна, – дзеліцца майстрыха. – Сёння ў гуртку “Творчая майстэрня “Залатыя ручкі” займаюцца толькі школьнікі, але я назіраю цікавасць да нашых заняткаў і з боку іх бацькоў. Таму, магчыма, у хуткім часе і дарослыя змогуць узяць у рукі капрон, сінтэпон, нітку з іголкай і зрабіць штосьці незвычайнае.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.