«Ветачка мая»: новыя сустрэчы i знаёмствы

Источник материала:  
06.04.2018 — Разное

«Ветачка мая»: новыя сустрэчы i знаёмствы

Яе Вялікасць Паэзія жывіць душу чалавека, надае вышэйшы сэнс чалавечаму існаванню, звязвае ў адно цэлае мінулае, сучаснасць і будучыню, адлюстроўвае глыбіню думак і пачуццяў, наладжвае масты паміж людзьмі і нават — паміж цэлымі народамі... Можна яшчэ доўга разважаць, задумвацца, чаму да нашага часу ёсць дзіўная патрэба ў людзей: рыфмаваць словы і ўкладваць у тэксты вершаў сваё бачанне свету? Ды рабіць гэта так, каб рэха, водгулле ад прамоўленых паэтам слоў (ці запісаных тэкстаў) гучалі праз некаторы час: стагоддзі, ці нават — тысячагоддзі. Менавіта гэтай акалічнасцю адрозніваецца Паэзія ад вершатворчасці (вершаплётства).

Літаратурная гасцёўня «Ветачка мая», на якую прыходзяць, каб паслухаць ці прачытаць вершы, пагаварыць аб літаратурных навінах, з]явілася ў 2013 годзе. Ініцыятары яе стварэння  — бібліятэкары Веткаўскай раённай бібліятэкі, паэты Васіль Бакаеў, Васіль Самкоў.

 Адны з самых актыўных удзельнікаў гасцёўні — хор ветэранаў педагагічнай працы «Нам года — не беда». Амаль заўсёды на сустрэчах гучаць песні, якія выконваюць удзельнікі хора. Часцей за ўсё — гэта народныя песні: рускія, беларускія, а таксама — песні, напісаныя да кінафільмаў, створаных у савецкі час. Удзельнікі хора выконваюць іх асабліва хораша, «з душой».

На нядаўняй сустрэчы гасцёўні «Усё пачынаецца з роднай зямлі», гучала мноства вершаў, магчыма, як ніколі дагэтуль. Можа, таму, што нядаўна былі святочныя дні: 23 лютага, 8 сакавіка, якія (склалася традыцыя) святкуюцца як Дзень мужчын і Дзень жанчын. А як жа ў свята абыйсціся без вершаў і без песень? Цудоўна прачыталі вершы, прысвечаныя гэтым тэмам, Ніна Васільеўна Радзівонава і Валянціна Макараўна Старушкова.

Упершыню прысутнічала на гасцёўні Арына Борахава, якая жыве ў Ветцы і вучыцца ў 5-м класе сярэдняй школы №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі. Вось верш, які яна стварыла і прачытала:

Мы живём в стране прекрасной!

Здесь нет гор, здесь нет морей.

Здесь есть радость, здесь есть счастье,

мир, здоровье всех людей.

Ведь ни горы, ни моря

делают людей счастливее.

А любимые друзья —

милые, родные. 

Чуць такія пазітыўныя словы — вельмі радасна, ці не праўда?

Аліна Браніславаўна Гарэлікава — даўні чытач Веткаўскай раённай бібліятэкі. Штораз, калі слухаеш вершы ў яе выкананні, хочацца здзіўляцца і завучваць іх напамяць. Далёка не кожны чалавек здольны таленавіта расказаць тэкст. Як сапраўдная артыстка, гэта ўмее рабіць Аліна Браніславаўна. Па-свойму адметна, запамінальна ўмее чытаць свае ўласныя вершы (і не толькі свае) Аляксандр Міхайлавіч Арцямкоў. Мясцовыя жыхары ведаюць яго як цудоўнага выканаўцу песень, майстра ігры на гітары.

Вялікім болем страты адгукаецца для многіх веткаўчан імя Васіля Міхайлавіча Бакаева. Ён вымяраў каштоўнасць свайго жыцця колькасцю цэркваў, якія дапамагаў будаваць, пра існаванне якіх пастаянна клапаціўся. Яго вершы — надта шчырыя, гэтым і прыцягальныя. І няма каму цяпер у Ветцы сказаць пра тую ж самую рыбалку, пра адзіноту і прыгажосць душы асобных веткаўчан, пра дзяцей, ад якіх адмовіліся бацькі, — так, як умеў гэта зрабиць у паэтычных радках толькі ён. Дый сказаць ці, можа, памаліцца за ўвесь наш горад: «Веточка моя...»

Некалькі вершаў Васіля Бакаева падчас сустрэчы ў гасцёўні прачытаў Васіль Самкоў. У яго выкананні гучалі вершы Галіны Нячаевай, Міхаіла Ткачэнкі, Генадзя Лапаціна, а таксама — свае ўласныя. 

Я прачытала свой верш, ахвяраваны Хвядоры Хвядосаўне Халюковай, народнай спявачцы, якая нарадзілася і жыла ў Стаўбуне, які пачынаецца радкамі:

Вясна. Вяслуе сонца ў дом

у чоўне

па залатым блакіце.

Адчыніць дзверы толькі той,

хто зможа

сам раскрыцца... і г.д.

Карацей, вясну штогод набліжаем мы самі, памятаючы пра свой немінучы пройгрыш часу.

Падчас сустрэчы ў гасцёўні адбылася прэзентацыя дзвюх кніг. Адна з іх была прэзентавана мной: «Пакліканая свабодай: нарыс жыцця і дзейнасці Палуты Бадуновай» (Гомель, 2018 г., аўтар — Валянціна Лебедзева). Другая кніга была прэзентавана супрацоўнікамі бібліятэкі: «Ветковский район. От истоков к современности», выдадзеная ў Гомелі ў 2017 г. рэдакцыяй газеты «Гомельская праўда». Аўтар тэкста, укладальнік — Е.А. Аленчанка. Выкажу думку: на «научно-популярное издание», як тое пазначана на апошняй старонцы, гэтае выданне не «цягне». На самой справе — гэта даведачна-ілюстратыўнае выданне. Над тэкстам кнігі, відавочна, працавалі асобныя жыхары Веткаўшчыны, задзейнічаныя ў розных сферах культуры і вытворчасці.

Што ж, Веткаўская зямля заўсёды натхняла творчых людзей на стварэнне цудоўных твораў літаратуры, сустрэчы з якімі, спадзяюся, чакаюць наперадзе.

Яндекс.Метрика