Як выглядаў Пінск і бліжэйшыя вёскі больш за 80 гадоў таму - фото

Источник материала:  
29.03.2018 21:08 — Разное

ВЕРАСЕНЬ 1934 года. У Пінск на шыкоўным аўтамабілі “Пакард” прыязджае амерыканка Луіза Арнер БОЙД. Яна засяляецца ў фешэнебельнай гасцініцы “Англій- ская” на беразе Піны. Тут выдатная кухня, гаражы, у нумарах ёсць тэлефоны і ванныя пакоі. Спытаеце, навошта багатай лэдзі здаўся забыты Богам край балот? Да гэтага ў якасці медсястры яна ратавала людзей ад эпідэміі “іспанкі” ў Афрыцы і Еўропе. Наладзіла экспедыцыю на архіпелаг Шпіцберген. Кінулася на пошукі нарвежскага палярніка Руальда Амудсена, гідраплан якога ўпаў у мора. Актыўна вывучала Грэнландыю, за што і празвалі яе Каралевай лёду і Лэдзі Арктыкі. Адкуль цікавасць да пінскага Палесся? Можа, у рукі Луізы Бойд трапіў інтрыгуючы артыкул ці ўскалыхнуў расказ эмігранта, які пакінуў “балотную краіну” ў пошуках лепшай долі? Застаецца только гадаць. Аднак Палессе зачаравала амерыканку. Яна правяла тут два тыдні, зрабіла больш за 500 фотаздымкаў і пакінула пасля сябе шыкоўныя нататкі. Пра быт палешукоў і край балот даведаўся ўвесь свет — фотавыставы праходзілі ў Амерыцы і Еўропе.


Читать полностью в источнике с фото: http://virtualbrest.by/news54399.php

Як выглядаў Пінск і бліжэйшыя вёскі больш за 80 гадоў таму - фото

Гандлёвыя рады ў Пінску


Читать полностью в источнике с фото: http://virtualbrest.by/news54399.php

Як выглядаў Пінск і бліжэйшыя вёскі больш за 80 гадоў таму - фотоКарэспандэнт “СГ” прайшла па палескіх сцежках легендарнай амерыканкі.

Мары Мальдзіса здзейсніліся

Маім гідам стаў Дзмітрый Кісель, старшыня гуманітарна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Садружнасць Палесся”. У 2010 годзе яму трапіў на вочы артыкул Адама Мальдзіса ў “СБ. Беларусь сегодня” за 25 верасня. Гісторык пісаў пра тое, што ў адной з камандзіровак у Польшчу купіў кнігу “Ускраіны” з 155 фотаздымкамі Луізы Бойд. Але ўсяго ў экспедыцыі па Палессі амерыканка зрабіла іх каля 455, і шукаць іх трэба ў Амерыканскім геаграфічным таварыстве і Гістарычным таварыстве Мэрын Каўнці. “Гэтыя фотаздымкі можна было б выдаць асобным альбомам, размясціць іх копіі на стэндах у Палескім музеі ці Палескім універсітэце”, — выказаў надзею Адам Мальдзіс.

Дзмітрый Кісель загарэўся гэтай ідэяй як апантаны і разам з краязнаўцамі Брэстчыны некалькі гадоў даследаваў палескую вандроўку Луізы Бойд. Здабыў у ЗША ўнікальныя фотаздымкі і выдаў іх асобным альбомам — кнігі разышліся па бібліятэках Брэсцкай вобласці. У Пінкавічах у 2015 годзе ў гонар легендарнай амерыканкі ўстанавілі памятны знак. Па яе слядах распрацавалі турыстычны маршрут. Знялі дакументальны фільм. А ў Пінску і Пінкавічах рыхтуюць пастаянныя экспазіцыі, прысвечаныя палескай вандроўцы Каралевы лёду. Так што мары Адама Мальдзіса сталі рэальнасцю. 
 

Спазнілася на кангрэс і завітала ў Беларусь

Гартаю выданне 1937 года “Ускраіны Польшчы. Фотаздымкі і нататкі Луізы Бойд”. Амерыканскае пасольства ў Беларусі купіла два такія рарытэты на рынку гістарычных кніг ЗША. Адзін падарыла “Садружнасці Палесся”, другі — Музею Беларускага Палесся. Луіза Бойд спяшалася на Міжнародны кангрэс географаў у Варшаву. Але спазнілася. Яго другая частка праходзіла ў Гродне. Гэта і стала нагодай для экспедыцыі. Шлях пралягаў праз Падляскае ваяводства, Беласток, Люблін, Львоў. Са Львова ішоў праз Луцк, Ковель, Дубна на Кобрын. З Кобрына Луіза Бойд пераехала ў Драгічын, пазней у Янаў Палескі (Іванава), а 29 верасня 1934 года трапіла ў Пінск. За ўсю экспедыцыю падарожніца зрабіла 1673 фотаздымкі. На 700 з іх адлюстравана Беларусь, а 500 зроблена ў Пінску і бліжэйшых вёсках — Пінкавічах, Гарадзішчы, Кудрычах, Курадаве, Плошчаве і многіх іншых.

Прыехала Луіза Бойд не адна, разам з польскімі географамі Станіславам Гажухоўскім і Вандай Рэвеньскай. Кіраваў “Пакардам” асабісты вадзіцель заможнай амерыканкі Пэрсі Кэмеран. Аўтамабіль пакінулі на рамонт у майстэрнях Пінскай рачной ваеннай флатыліі. Экспедыцыя перасела на маторны катар, які прадаставіў камандуючы флатыліяй Вітольд Заянчкоўскі.

Многія фотаздымкі зроблены менавіта з вады. “Людзі, якія пражываюць на водных шляхах, маюць адметны характар. Гэта патрабуе больш глыбокага даследавання”, — напіша пасля Луіза Бойд. Яна адзначыла, што прастора даўно абжытая людзьмі, але палешукі мала змянілі натуральны ландшафт — не тое, што ў другіх кутках на захадзе Еўропы. 

Як выглядаў Пінск і бліжэйшыя вёскі больш за 80 гадоў таму - фото

Вуліца Пінска

Там, дзе жанчынам не месца

Хто ж такая Луіза Бойд? “Дзівачка”, “багатая выскачка” і “транжыра бацькоўскіх мільёнаў” — як толькі не называлі падарожніцу з Каліфорніі. Яе бацька валодаў залатымі руднікамі. Хвароба сэрца рана забрала дваіх старэйшых братоў Луізы. Смерць бацькі і маці застала маладую жанчыну якраз тады, калі яна ваявала з эпідэміяй “іспанкі” ў Еўропе і Афрыцы. Луіза вярнулася на радзіму і пачала ўмела кіраваць кампаніяй бацькі. Яе маёнтак стаў цэнтрам інтэлектуальнага жыцця Сан-Францыска. А сама гаспадыня была вядомая як шчодрая мецэнатка.

Засумаваўшы, заможная амерыканка ў 1922 годзе стала падарожнічаць па Еўропе. Пасля былі восем экспедыцый на суровы архіпелаг Шпіцберген, паляванне на мядзведзяў і цюленяў. Калі Луіза Бойд даведалася пра няшчасце палярніка Руальда Амудсена, на караблі “Хобі” адправілася ратаваць яго. Урад Нарвегіі ацаніў учынак і ўзнагародзіў яе ордэнам Святога Олафа — дагэтуль толькі дзве жанчыны ў свеце яго атрымалі.

Луіза Бойд даследавала Грэнландыю і глыбіні акіяна паблізу Нарвегіі. У гады Другой сусветнай вайны па спецзаданні вывучала магнітнае поле Паўночнага полюса, дзе праходзіла радыёсувязь Еўропа—ЗША. У 67 гадоў Луіза Бойд стала першай жанчынай свету, якая на самалёце праляцела над Паўночным полюсам. Яе заслугі былі настолькі значнымі, што ўпершыню больш чым за 100 гадоў свайго існавання Амерыканскае геаграфічнае таварыства парушыла традыцыі і прыняло ў свой склад — выключна мужчынскі клуб — першую жанчыну.

Як выглядаў Пінск і бліжэйшыя вёскі больш за 80 гадоў таму - фото

Малы рыбак з настаўкай

Зямлю вымяраюць шнурамі

Разам з Дзмітрыем Кісялём едзем у Пінкавічы. Гэта першая вёска пасля Пінска, якую наведала Луіза Арнер Бойд. “Першым уражаннем, якое зрабілі на мяне балоты, было адчуванне цішыні, якая час ад часу парушалася плёскатам вясла і рэдкім працяглым гудком парахода. Які кантраст з падарожжам па шумных ле- дзяных фіёрдах!” — Каралева лёду пакінула запіс у сваім “Палескім дзённіку”.

У 30-я гады ХХ стагоддзя Пінкавічы былі цэнтрам гміны, на сучасны лад — сельсавета. Пражывалі тут тысячы палешукоў. Амерыканка правяла ў Пінкавічах цэлы дзень, знаёмілася з мясцовымі жыхарамі, іх бытам, зрабіла каля сотні фотаздымкаў. Напрыклад, як сялянка апрацоўвае лён — “яго кладуць на ўвагнутую дошку і б’юць плоскім прачом”. Мужыкі нарыхтоўваюць чарот і перавозяць на чаўнах — на продаж ці каб крыць дах. З катара Луіза Бойд сфатаграфавала Пакроўскую царкву — яна мала змяніла свой выгляд з тых часоў, крыж на стозе сена. “У гэтым краі балот відавочны расійскі ўплыў: вялікая частка насельніцтва вызнае праваслаўе”, — сказана ў нататках амерыканкі.

Падарожніца прыкмеціла, што палешукі прывязаны да вёскі з адной вуліцай. Сядзібы стаяць шчыльна, а гэта сур’ёзная пагроза падчас пажараў. Да сцяны прыстаўлена драбіна, а побач доўгія жэрдкі з жалезным гакам — зрываць палаючы дах.

Амерыканку здзівіла, што сваю зямлю палешукі вымяраюць не гектарамі ці акрамі, а шнурамі: “У мяне гэтулькі шнуроў”. Гэтай адзінкай вымярэння карысталіся ў ВКЛ і яшчэ доўга пасля распаду Рэчы Паспалітай. Дасведчаная Луіза Бойд не абышла аграрную рэформу, якая павінна была рассяліць сялян. Надзелы тых раздроблены і раскіданы, таму гаспадары на лодках перавозяць коней, плугі, вазы і іншую тэхніку, каб абрабляць зямлю. Луіза Бойд прызналася, што палешукі жывуць нібыта “ў драўляным веку”. Дамы і іншыя пабудовы, прылады працы зроблены пераважна з дрэва. Агароджу ля хат, сцены пунь, кашы для рыбы плятуць з галінак вярбы.

Канечне, Пінкавічы ў 1934 годзе і сучасныя — дзве розныя вёскі. “Драўляны век” застаўся ў мінулым, змяніўся на век 4G-інтэрнэту і гладкага асфальту. 

Як выглядаў Пінск і бліжэйшыя вёскі больш за 80 гадоў таму - фото

Палешукі на Пінскім кірмашы

Босыя і шчаслівыя дзеці, спрытныя рыбакі

За два тыдні на катары амерыканка наведала вёскі Гарадзішча, Кнубава, Спорава, Заазер’е, Хомск, Тупчыцы, Кудрычы, Пачапава, Качанавічы, Курадава, Плошчава, Хрыстабалавічы (Пінскі, Драгічынскі і Бярозаўскі раёны цяпер). Кожны вечар экспедытары вярталіся ў гасцініцу. Бо “карчмы альбо прыдарожныя гасцініцы на балотах адсутнічаюць”, аддаляцца ад Пінска на адлегласць большую, чым адзін дзень шляху, немагчыма. Дарэчы, будынак гасцініцы “Англійская” ля маста над Пінай, дзе была штаб-кватэра падарожнікаў, жыве і цяпер.

Луіза Бойд адзначала, што палешукі самі сябе забяспечваюць — у кожнай вёсцы гадуюць свіней (“худыя, на высокіх нагах”), курэй, качак, гусей. Але галоўны сродак існавання — рыбалоўства. Амерыканка здзівілася, што рыбакі пазнаюць уласную сетку ледзьве не з заплюшчанымі вачыма. Спрыту і ўпэўненасці, з якімі рухаюцца мужыкі на вадзе, можна толькі пазайздросціць.

З Дзмітрыем Кісялём мы пабывалі ў Кудрычах — яны захавалі шмат аўтэнтычных рыс. Драўляныя хаты, накрытыя чаротам. Агароджы з вярбы, там-сям можна сустрэць лодку. Ля хат тыя самыя рыбацкія сеткі.

У сяле засталося 12 чалавек. Паказваем 74-гадоваму Яўстафію Музе фотаздымкі Луізы Бойд з яго родных Кудрычаў: “Вось гэта хата падобная на дзедаву, і агароджа такая ж… Хто яго ведае!” Стась — так яго завуць у вёсцы — застаўся ў хаце з жонкай Любай, сыны і дачка пераехалі ў Пінск. Успамінае, як трымалі 150 гусей, 200 качак, а вада вясной падступала да самай хаты.

Стараста вёскі Маісей Махнавец у хаце плёў кашы. На фотаздымку 80-гадовай даўнасці пазнаў пейзаж за сваім хлявом — адзін у адзін. Стаў успамінаць: “Вёска была вялізная — каля 110 двароў. У кожнай хаце ад траіх да сямі дзяцей. Свае школа, магазін, клуб, царква, ферма. Рыбу лавілі ўсе. І ў кожнай хаце была настаўка”. Ідзём да хлява, каб убачыць высокую конусападобную сетку — ёй лавілі рыбу нават хлопчыкі, умела балансуючы на лодках. 

— Ля кожнай хаты стаяў “сажык” у вадзе — турма для рыбы, дзе ўлоў захоўвалі. Злодзеяў не было, скрыні не зачынялі, — успамінае стараста Кудрычаў. — Мой дзед браў мяне на кірмаш у Пінск. Я лодку вартую, дзед рыбу прадасць — пляшку, цукару купіць, цукерак-падушачак, калача. У Кудрычы часта загатоўшчык-яўрэй прыплываў на лодцы-“шкудцы” (з усталяванай скрыняй), скупляў рыбу ў мясцовых.

Дарэчы, Луізу Бойд уразіла, як многа дзяцей у вёсках. Піша: “Босыя, бедна апранутыя і мурзатыя, але вяглядаюць здаровымі і шчаслівымі. Дзеці растуць на волі самі па сабе, кожнае дзіця — нянька для малодшага за сябе”.

Як выглядаў Пінск і бліжэйшыя вёскі больш за 80 гадоў таму - фото

Муж з жонкай ля сваёй хаты

Прыгожыя хусткі і дзіўны кірмаш

Раніцай 3 кастрычніка 1934 года Луіза Бойд была шакіравана: “Я была на рынках у многіх краінах свету, але нідзе не бачыла такога захапляльнага відовішча, як пінскі кірмаш... За некалькі дзён да штомесячнай падзеі па рацэ сталі прыбываць лодкі з таварамі. Многія палешукі начуюць прама ў іх. Хто прыязджае па сушы, спяць у сваіх вазах. Пінскі рынак быў падзелены на часткі. Вазы з драўнінай мясціліся пад паўночнай сцяной Кафедральнага рымска-каталіцкага касцёла. Каля заходняй сцяны — гусі, качкі, гародніна, яблыкі, грушы, крыху вінаграду і нават бананы (!). Гусі са звязанымі лапамі дзясяткамі ляжалі на праходзе, звязаныя свінні на вазах. Авечак гаспадары прыносяць на плячах”.

Каля 300 вазоў з сенам налічыла Луіза Бойд: “Возчыкі лаюцца і праклінаюць адзін аднаго з-за найменшага дотыку да іх воза”. Рыбу прадавалі прама з лодак, нанізаную на шнуры. Некаторыя палешукі ходзяць босыя — і гэта ў пачатку кастрычніка! Некаторыя ў лапцях з лыкавай кары, заможныя — у скураных ботах. Жанчын падарожніца апісвала як зграбных, прастадушных і прыязных. У вочы амерыканцы кінуліся прыгожыя хусткі.

Луіза Бойд не толькі назірала за Палессем, але імкнулася і аналізаваць становішча краю: “Падчас майго візіту, хаця адносіны Польшчы з Расіяй не былі варожымі, мяжа была закрыта для гандлю”. Амерыканка была ўпэўнена, што трэба наладзіць адносіны з суседнімі Саветамі і актыўна праводзіць меліярацыю.

Як выглядаў Пінск і бліжэйшыя вёскі больш за 80 гадоў таму - фото

Сям'я з Кудрычаў

Фотаздымкі з архіва Амерыканскага геаграфічнага таварыства

←У Клічаве шукаюць хлопчыка, які з ільдзіны ўпаў у раку

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика