У Нясвіжы падтапіла радавую пахавальню Радзівілаў
Ілюстратыўнае фота з сайта niasvizh-kasciol.by
У Нясвіжы падтапіла радавую пахавальню князёў Радзівілаў. Пра гэта TUT.by паведамляе са спасылкай на парафіянаў касцёла Божага цела, у якім і знаходзіцца крыпта. Інфармацыю пацвердзіў і пробашч храма ксёндз Пётр Шарко.
У пахавальні знаходзіцца болей за 70 саркафагаў з парэшткамі чальцоў княскай сям’і. Некалькі гадоў таму іх узнялі з зямлі на дубовыя памосты, таму самі труны не ў вадзе і ім нічога не пагражае. Але сцены набрыньваюць вільгаццю і гэта кепска ўплывае на сам будынак.
За некалькі гадзінаў вада падымаецца на некалькі сантыметраў. Спачатку служыцелі касцёла разам з парафіянамі выносілі яе вёдрамі, потым супрацоўнікі аддзела культуры мясцовага райвыканкама прынеслі ім шланг і насос. Ваду адпампоўваюць кожныя тры гадзіны.
Пробашч храма мяркуе, што затапленне адбылося праз праблемы з сістэмай водаадвядзення. У панядзелак у касцёл павінны прыехаць рэстаўратары для высвятлення прычынаў і пошуку рашэння праблемы.
Касцёл Божага цела ў Нясвіжы ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Цяпер храм у працэсе рэстаўрацыі.