У Мінску п’яныя закаханыя пакаталіся на чужой машыне і разбілі яе (фота)
Фота: guvd.gov.by
У Мінску п’яныя закаханыя пакаталіся на чужой машыне і разбілі яе. Здарэнне адбылося яшчэ ў Дзень абаронцаў Айчыны, увечары 23 лютага. Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца Першамайскага РУУС сталіцы Кацярына Дабравольская, у краме 22-гадовы хлопец і 19-гадовая дзяўчына пазнаёміліся з маладым чалавекам, якога запрасілі ў сваю кампанію — на кватэры чацвёра чалавек распівалі спіртныя напоі. Праз нейкі час яны пакінулі там госця, а самі вырашылі пакатацца на яго машыне. Хлопец і дзяўчына ўзялі ключы ад аўтамабіля і, нікому нічога не кажучы, сышлі. Яны каталіся па чарзе да таго часу, пакуль не разбілі легкавік (пратаранілі бакі са смеццем). Пасля гэтага з тэлефона ўладальніка аўтамабіля, які быў у салоне, выклікалі таксоўку і паехалі дахаты.
Раніцай малады чалавек звярнуўся ў міліцыю і паведаміў пра скрадзеную машыну. Неўзабаве яе знайшлі. Цікава, што ўладальнік аўтамабіля спачатку сцвярджаў, што сам яго разбіў. Толькі праз некалькі дзён ён напісаў заяву ў міліцыю. Крымінальную справу распачалі па артыкуле “Угон транспартнага сродку”. Закаханым пагражае абмежаванне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, ці пазбаўленне волі — ад 2 да 7 гадоў.