Пасля ДТЗ п'яны кіроўца ўцёк з аўто, пакінуўшы траўмаваную пасажырку
Фота: gaibrest.by
16-гадовая дзяўчына сур'ёзна пацярпела ў ДТЗ, якое адбылося ў Бярозаўскім раёне Брэстчыны, паведамляе сайт gaibrest.by.
Інцыдэнт здарўся 13 студзеня каля 1.15 ночы. 33-гадовы жыхар Белазерска, пазбаўлены правоў кіравання ў 2014 годзе за п'яную язду, кіраваў аўтамабілем "Форд-Сьера". Мужчына не справіўся з кіраваннем, з'ехаў на правую па руху ўзбочыну і ўрэзаўся ў прыпыначны пункт "Агароднікі". Пасля гэтага аўтамабіль перакуліўся.
Пры здарэнні пацярпела 16-гадовая дзяўчына-пасажырка. Яна ехала на заднім пасажырскім сядзенні па цэнтры і не была прышпіленая рамянём бяспекі. Пасля перакульвання аўтамабіля кіроўца і чатыры пасажыры ўцяклі з месца аварыі, пакінуўшы там дзяўчыну.
Толькі праз дзве гадзіны, каля 3.12, параненую дзяўчыну ў цяжкім стане даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне "Бярозаўскай цэнтральнай раённай лякарні.
Дарэчы, праваахоўнікі высветлілі, што кіроўца падчас здарэння быў нецвярозы — 1,5 праміле алкаголю.
Цяпер па факце ДТЗ праводзіцца праверка.