У Магілёве высвятляюць усе абставіны захопу закладнікаў у банку (фота)
Фота: sk.gov.by
У Магілёве высвятляюць усе абставіны захопу закладнікаў у банку. Крымінальную справу распачалі ў адносінах 28-гадовага расіяніна, які нядаўна атрымаў від на жыхарства ў нашай краіне. Артыкул — “захоп закладнікаў, здзейснены ў адносінах двух і больш асоб з карыслівых меркаванняў” (пункты 6 і 7 часткі 2-й артыкула 291 КК). Для Беларусі такое здарэнне выключнае. Не дзіўна, што ўчора за правядзеннем аперацыі па вызваленні закладнікаў і затрыманні зламысніка сачыў кіраўнік дзяржавы.
Афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк нагадвае храналогію падзеяў. 20 лістапада ў 14.40 мужчына ў масцы зайшоў у аддзяленне “Беларусбанка” па вуліцы Каліноўскага ў Магілёве і стаў пагражаць яго работнікам прадметам, падобным на пісталет сістэмы Макарава. Ён патрабаваў перадаць яму грошы і каштоўнасці, узяў у закладнікі 8 наведвальнікаў і 6 работнікаў банка. У закладнікаў мужчына забраў тэлефоны, заблакаваў уваход — да будынка ўжо прыбыў нарад аддзела Дэпартамента аховы МУС.
Падчас перамоў з праваахоўнікамі зламыснік выпусціў з будынка некалькі чалавек. Ён запатрабаваў аўтамабіль, інакш пагражаў пачаць расстрэльваць закладнікаў. Каб пазбегнуць ахвяр, яго патрабаванне выканалі. Першы намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Васільеў прадставіўся начальнікам службы бяспекі банка і прапанаваў сябе ў абмен на закладнікаў. Мужчына пагадзіўся. Ён выйшаў з будынка разам з Васільевым, трымаючы пісталет каля яго галавы. Аўтамабіль, у якім ехалі зламыснік і закладнік, супрацоўнікі Дэпартамента аховы спынілі праз 400 метраў, яго заблакавалі двума службовымі легкавікамі. Як відаць на здымках, у лабавое шкло міліцэйскага аўтамабіля патрапілі чатыры кулі. Паколькі інфармацыі пра пацярпелых міліцыянераў няма, то яны цудам ацалелі.
Зламыснік спрабаваў схавацца ў прыватным сектары, але быў затрыманы. З-за таго, што ён адстрэльваўся, міліцыянеры адкрылі агонь на паражэнне і паранілі яго ў нагу. Цяпер мужчына знаходзіцца пад узмоцненай вартай у бальніцы. Вядома, што яму 28 гадоў, ён — грамадзянін Расіі. Пасля атрымання віда на жыхарства ў нашай краіне, жыў у Магілёве. У яго знайшлі 9 тысяч беларускіх рублёў, 2000 расійскіх рублёў, больш за сто долараў і жорсткі дыск з запісамі відэакамер, які ён забраў у банку. Ператрус прайшоў па месцы жыхарства расіяніна. У банку працавалі кінолагі, не выключалася, што ў будынку магло быць пакінута выбуховае прыстасаванне. Расследаванне працягваецца.