Пад Гроднам сын спаліў бацьку ў адрыне
Фота: uvd.grodno.by
Трагічна скончылася спрэчка паміж бацькам і сынам у вёсцы Тарусічы пад Гроднам.
Здарэнне адбылося 22 верасня ў адным з садовых таварыстваў, інфармуе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама. Каля паловы шостай вечара 61-гадовы бацька пасварыўся з 38-гадовым сынам. Сын хацеў грошай ад бацькі, а той адмаўляў.
Праз нейкі час сварка сціхла, і бацька пайшоў спаць у адрыну. Сын, як выявілася, затаіў крыўду. Дачакаўшыся, пакуль бацька засне, ён падпаліў вопратку, якая ляжала на падлозе адрыны. Пасля гэтага ён зачыніў уваходныя дзверы на замок, а сам спакойна сышоў. У выніку мужчына не змог выбрацца з агню і згарэў жыўцом.
Міліцыянты затрымалі сына загінулага. Ён заявіў, што хацеў настрашыць бацьку, каб той прачнуўся ад агню і пайшоў спаць у дом. Аднак ён не змог патлумачыць, навошта было зачыняць дзверы на замок. На думку праваахоўнікаў, менавіта зачыненыя дзверы звяла да нуля шанец яго бацькі выжыць.
Дарэчы, адзначаецца, што і бацька, і сын былі нецвярозымі.
Цяпер на сына пачалі крымінальную справу за забойства.