Мінскі студэнт плаціў за сэрвіс "Uber" чужой банкаўскай карткай
Фота: nashagazeta.ch
Мінскія міліцыянты затрымалі студэнта ВНУ, які аплачваў паслугі сэрвісу "Uber" чужой банкаўскай карткай.
Як паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі, да праваахоўнікаў звярнуўся мінчук з заявай, што з яго карт-рахунку некалькі разоў спісвалі грошы за аперацыі, якія ён не рабіў.
Мужчына распавёў, што нядаўна забыўся сваю картку на прылаўку ў адным са сталічных гандлёвых цэнтраў, аднак адзін з наведвальнікаў крамы вярнуў яму картку неўзабаве. Падчас аператыўна-вышуковых і тэхнічных мерапрыемстваў аператыўнікі высветлілі асобу маладога чалавека, які скарыстаўся рэквізітамі карткі для аплаты паслуг папулярнага аўтасэрвісу "Uber". Як выявілася, малады чалавек паспеў некалькі разоў праехаць з дапамогай "Uber" і прычыніў пацярпеламу шкоду на суму каля 100 рублёў.
Студэнта затрымалі. У яго дачыненні пачалі крымінальную справу за крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Праваахоўнікі паведамляюць, што гэта не адзінкавы выпадак аплаты паслуг сэрвісу падобным чынам.