Пад Баранавічамі мужчына згарэў ва ўласнай кватэры
Трагічнае здарэнне адбылося ў пасёлку Жамчужны Баранавіцкага раёна пад раніцу 11 кастрычніка: мясцовы жыхар, 57-гадовы мужчына, згарэў ва ўласнай кватэры. Пажар успыхнуў у 4-павярховым доме, у кватэры на апошнім паверсе. Выратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, знайшлі ў пакоі абгарэлы труп гаспадара. Кватэра таксама моцна пашкоджаная. Прычынай здарэння магла быць неасцярожнасць загінулага пры курэнні, паведамляе прэс-служба Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС.
У Ляхавіцкім раёне 35-гадоваму мужчыне, аматару пакурыць у ложку, пашанцавала крыху болей — ён пазбег моцнага пажару і застаўся жывы, але трапіў у лякарню з апёкамі 3-й ступені 30 адсоткаў цела. Інцыдэнт з ім адбыўся 7 кастрычніка, пажарных мужчына не выклікаў. Пра шпіталізаванага з апёкамі ў МНС паведамілі медыкі.