Жыхара Гомеля затрымалі за забойства былой жонкі, маладзейшай за яго на 20 гадоў
Фота: Fotolia
55-гадовага жыхара Гомеля затрымалі па падазрэнні ў забойстве былой жонкі, маладзейшай за яго на 20 гадоў. Як піша "Гомельская праўда", здарэнне адбылося ўвечары 5 верасня на вуліцы Агарэнкі. Афіцыйная прадстаўніца УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава паведаміла, што мужчына сустрэў былую жонку недалёка ад яе дома. Паміж імі ўзнікла сварка, нібыта, з-за грошай, якія яны не маглі падзяліць. Мужчына нанёс жанчыне не менш за два ўдары нажом у жывот і грудзі. Ад атрыманых раненняў 35-гадовая пацярпелая памерла на месцы.
Відавочцы апісалі праваахоўнікам знешнасць зламысніка і яны неўзабаве затрымалі падобнага мужчыну. На вопратцы ў яго была кроў. Паводле слоў затрыманага, нож ён паспеў выкінуць. Цяпер падазраваны знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, крымінальную справу распачалі па артыкуле "Забойства" (арт. 139 КК). Вядома, што ён працаваў кіроўцам у прыватнай фірме. Паводле папярэдніх звестак, падчас сваркі з былой жонкай мужчына быў у стане алкагольнага ап'янення. У 2014 годзе ён быў асуджаны за нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання, але яго вызвалілі па амністыі.