Жыхарка Брэсцкага раёна махлярскім чынам завалодала $183 тысячамі

Ілюстрацыйны здымак. Фота: flickr.com
37-гадовая жыхарка Брэсцкага раёна махлярскім чынам завалодала 183 тысячамі долараў. Па справе праходзіць дзевяць пацярпелых, правяраюцца заявы яшчэ пяці чалавек.
Як адзначае афіцыйная прадстаўніца УСК па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, у студзені 2014-га — сакавіку 2016 года жанчына брала грошы на развіццё бізнесу ў сферы рытуальных паслуг і куплі-продажу будаўнічых матэрыялаў. Найбольшая сума, атрыманая ад прыватнай асобы, складала 58 500 долараў. Таксама высветлілася, што адна з пацярпелых перадавала падследнай грошы на працягу... 10 гадоў (агулам — $25 850).
Жанчына сапраўды была індывідуальным прадпрымальнікам, аднак, паводле дакументаў, яе штомесячны прыбытак ад гаспадарчай дзейнасці складаў толькі каля 5 мільёнаў рублёў (агульны грашовы абарот — каля 20 млн рублёў, верагодна, да дэнамінацыі). Яна патлумачыла праваахоўнікам, што грошы перадавала знаёмаму ў Расію, які мусіў купіць неабходнае абсталяванне і матэрыялы. Аднак не змагла назваць яго дадзеных і не пацвердзіла перадачу грашовых сродкаў дакументальна.
Крымінальная справа была распачатая па артыкуле "махлярства ў асабліва буйным памеры". Жанчына-прадпрымальніца знаходзіцца пад вартай, ёй ужо выставілі абвінавачанне. Следства шукае іншых пацярпелых ад яе дзейнасці.