Вучняў мінскай гімназіі не выпускаюць са школы на пераменах

Источник материала:  
24.05.2016 11:57 — Разное
Вучняў мінскай гімназіі не выпускаюць са школы на пераменах

Вучняў 74-й гімназіі Мінска, дзе 23 траўня парэзалі настаўніцу рускай мовы, не выпускаюць са школы нават на пераменах. На ўваходзе выставілі ахову з настаўнікаў, дзверы зачынены на замок, паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі.

Было чуваць, што ў школе пачалася перамена, але на вуліцу ніхто не выйшаў. Няма нікога і на школьным стадыёне. Сама тэррыторыя школы — прахадны двор, там нават ездзяць аўтамабілі.

На ўваходзе стаіць намеснік дырэктара школы Дзмітрый Мікалаевіч Міхайлоўскі. Не прапускаюць у школу нават бацькоў. Адна жанчына прынесла дзіцяці ключы ад кватэры і яе адмовіліся прапусціць. Але пасля пагадзіліся перадаць вучню ключы.

Вучням, якія прыходзяць у школу, адчыняюць дзверы і іх прапускаюць у будынак. Выпускаюць толькі тых, хто сыходзіць дадому. З некалькімі такімі вучнямі ўдалося пагаварыць. Яны паведамілі, што ім забаранілі нешта распавядаць але яны самі толкам нічога не ведаюць. Справа ў тым, што ўчора, 23 траўня, калі адбылося здарэнне, усіх вучняў не выпускалі з класаў каля гадзіны. Таму пра тое, што адбылося ў школе, яны даведаліся з інтэрнэту.

Жыхары суседняга дома распавялі Еўрарадыё, што раніцай у панядзелак да школы прыехала шмат міліцыі, а настаўніца нібыта ляжала каля ўвахода.

Журналісту Еўрарадыё ўдалося пагаварыць з настаўнікамі, якія стаяць у ахове. Яны сказалі, што СМІ напісалі ўсё няправільна пра здарэнне ў школе. Але расказаць, як усё было на самой справе адмовіліся. Намеснік дырэктара школы, сказаў, што іх не хвалююць чуткі і нешта паведамляць будзе толькі Следчы камітэт.

Сёння ў школе пачынаюцца выпускныя вечары ў чацвёртых класаў, якія пройдуць, відаць, пад узмоцненым наглядам.

Напад на настаўніцу рускай мовы мінскай гімназіі № 74 адбыўся каля 8.30 раніцы 23 траўня. Яе закрыў у класе вучань і некалькі разоў ударыў вострым прадметам, у тым ліку і ў шыю. Настаўніца знаходзіцца ў бальніцы, прагнозаў медыкі не даюць.

←Затрымалі пенсіянерку: пайшла ў бібліятэку і знайшла чужыя 6 тысяч еўра

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика