Каляндар: 60 ад пачатку асваення цаліны, 20 - дошцы Каліноўскага ў Вільні
23 сакавіка. Нарадзіўся Стары Улас (сапраўднае прозвішча Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, 1895 – 1939), беларускі паэт, празаік, збіральнік беларускага фальклору.
Нарадзіўся ў Валожыне. Служыў кухарам, аб’ездчыкам, ляснічым. Жыў у вёсцы Варняны (цяпер Астравецкі раён), у Вільні. У 1910 годзе заснаваў школу пісьменнасці, у якой разам са сваімі дочкамі вучыў дзяцей грамаце. Дэбютаваў вершамі ў 1909 годзе ў “Нашай ніве”. Аўтар парадыйна-сатырычнага вершаванага апавядання “Тры зладзеі” (1912).
Своеасаблівым летапісам працы і побыту сялянства з’яўляецца паэма “Год беларуса”. Пахаваны ў Вільні на могілках Росы. На яго магіле паставілі дубовы крыж без надпісу. У Валожыне на доме па вуліцы Савецкай, 49 ёсць мэмарыяльная дошка ў гонар самабытнага паэта-земляка Старога Уласа.
***
1978 год. Памёр Рыгор Шырма, беларускі харавы дырыжор, грамадскі дзеяч, у часы Заходняй Беларусі – сакратар Таварыства беларускай школы.
***
Сусветны дзень метэаралогіі.
***
1695 год. Памерла Людвіка Караліна Радзівіл (1667–1695), асветніца, мецэнатка.
***
1942 год. Памёр у перасыльнам пункце Аткарск Саратаўскай вобласці Антон Луцкевіч (1884-1942), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, лінгвіст, выдавец.
***
1942 год. У савецкім канцлагеры на лесапавале загінуў (паводле іншай версіі быў расстраляны) Сяргей Ракіта (сапр. Сяргей Законнікаў, 1909 -1942), паэт.
***
115 гадоў з дня нараджэння Вольгі Галіны (па мужу – Александроўскай, 1899 – 1980), беларускай актрысы, народнай артысткі Беларусі.
***
24 сакавіка. 80 гадоў з дня нараджэння Юрыя Ступакова (1934 – 1999), беларускага і рускага акцёра, народнага артыста Беларусі.
***
Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам.
***
20 гадоў таму (1994) у Вільні ўсталяваная памятная дошка Кастусю Каліноўскаму.
***
27 сакавіка. Сусветны дзень тэатра.
***
60 гадоў з часу адпраўкі (1954) першай групы моладзі Беларусі ў Казахстан на асваенне цалінных зямель.
Марыя БЕРАСНЕВА.