Былы вілейскі доктар стварыў касцёлы і помнікі з каляровага шкла

Источник материала:  
19.03.2014 — Разное

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА. Творы Аляксандра Зубрыцкага.

Выявы касцёлаў і капліц, помнікаў паўстанцам і вайскоўцам – усё гэта можна пабачыць у выставачнай зале імя Сілівановіча. Прытым, у незвычайнай тэхніцы: мазаіцы з каляровага шкла.

Тут праходзіць выстава карцін Аляксандра Зубрыцкага. На ёй прадстаўлена 28 твораў, у якіх мастак увекавечыў гістарычныя мясціны Беларусі. Некаторыя з іх цяпер можам пабачыць толькі на фатаграфіях ды на гэтых карцінах.

Аляксандр Зубрыцкі – мастак-аматар. Па адукацыі ён медык, кандыдат медыцынскіх навук, зараз на пенсіі, жыве ў Мінску. Але і з нашым рэгіёнам лёс яго зводзіў: пасля заканчэння медінстытута з 1956 па 1959 год працаваў афтальмолагам у Вілейскай абласной бальніцы.


Недарэмна на выставе пяць прац звязаны з Вілейшчынай. Гэта выявы вілейскага касцёла, могілак вайскоўцаў, палеглых у савецка-польскай вайне, помнікаў паўстанцам 1863 года (аднаго ў Ільі, і двух – у Куранцы).

І якія найбольш яркія ўспаміны засталіся ў вас пра Вілейку? – пытаю ў мастака.

– Запомнілася, як уначы на драўляных лодках рыбакі з факеламі білі вялікую рыбу восцямі. Надта ж чыстая Вілія тады была.

Прыгадвае творца, што падчас працы ў Вілейцы яму даводзілася і ў суседнія раёны ездзіць. І там рабіў фотаздымкі гістарычных мясцін.

Таму на выставе не толькі Вілейшчына, а многія мясціны нашага рэгіёну прадстаўлены: можна палюбавацца на касцёлы ў Засвіры і Гервятах, Солах і Івянцы...

Падчас паездак Аляксандру Зубрыцкаму і прыйшла думка, каб неяк захаваць памяць пра разбураныя капліцы, запушчаныя могілкі.

– Калі я ездзіў на вёсках, заходзіў у хаты. На сценах бачыў шмат фатаграфій людзей: і ў форме царскай арміі з першай сусветнай вайны, і ў форме польскай арміі. Паказвалі вяскоўцы і могілкі. Пабачыў, што некаторыя з іх знаходзілася ў запушчаным стане, і захацелася гэта неяк увекавечыць.

Прайшоў час – і гэтыя ўспаміны, зробленыя падчас візітаў фатаграфііўвасобіліся ў карціны.  

А чаму вырашыў ствараць іх з каляровага шкла? Прыгадвае, як убачыў у старой капліцы разбітыя вітражы: кавалачкі шкла па мармуровай падлозе іскрыліся бы брыльянты. Гэта было так прыгожа!

Займаецца Аляксандр Зубрыцкі стварэннем такіх карцін каля трыццаці год. За гэты час стаў аўтарам каля 80 прац на гістарычную тэматыку, ёсць яшчэ і на іншыя.

– Колькі часу ідзе на такую карціну?

– У сярэднім два-два з паловай месяцы. Але можа і паўгода пайсці. Лічы, увесь светлавы дзень робіш.

– Як жа з’явілася ідэя правесці выставу ў Вілейцы?

Неяк наведваў тут выставу, прысвечаную вайне 1812 года. Разгаварыўся з супрацоўнікамі музея, людзьмі, якія гэту выставу рабілі. Вырашыў таксама зрабіць выставу: усё ж мой горад, працаваў тут. І калі людзям спадабаецца, то, можа, заахвочуся яшчэ ў іншых мясцінах карціны паказаць.

 


Раней выставы карцін мастака праходзілі ў Варшаве, Мінску, Рагачове. А цяпер свае ўражанні пра іх могуць скласці і віляйчане.

– Гэта выстава найперш падабаецца людзям, якія цікавяцца гісторыяй, – расказала навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Надзея Аўдзей. – Бо тут пераважна прадстаўлены храмы, помнікі. Але і астатнім цікава: як гэта можна з дапамогай шкла паказаць і колер, і ўсе адценні. Нават калі па нашаму касцёлу паглядзець – ідэнтычна ж выглядае. Увогуле, Аляксандр Зубрыцкі стварыў сваю тэхналогію ў такім старым накірунку мастацтва як мазаіка. Калі наведвальнікі ўглядаюцца ў пералівы, то ствараецца ўражанне быццам гэта проста россып шкла, а клею не бачна. 


←Белорусские туристы отказываются от Крыма

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика